16 кастрычніка ў парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску ўрачыста адзначылі 25-годдзе з часу прэзбітэрскага пасвячэння яе пробашча кс. Паўла Звяжынскага.
У святкаванні сярэбранага юбілею святарства ўдзельнічала духавенства Ваўкавыскага дэканату на чале з дэканам кс. канонікам Чэславам Паўлюкевічам, парафіяне, родныя і сябры юбіляра.
Парафіяне адзначаюць: “Пакліканне да святарства – адно з самых цудоўных і таямнічых, бо ў адну хвіліну і ў самых разнастайных умовах людзі рознага ўзросту могуць пачуць заклік Езуса: “Ідзі за Мною” (Мк 2, 14). І не толькі пачуць, але і пакінуць уласныя планы, жаданні бацькоў і цалкам прысвяціць сябе справе, да якой кліча іх Пан. Так адбылося і ў жыцці ксяндза Паўла. Гады вучобы ў семінарыі праляцелі хутка, і пачалося руплівае выкананне задачы – праз цэлебрацыю святой Імшы сакрамэнтальна прыносіць ахвяру Хрыста; праз хрост уводзіць людзей у шэрагі Божага народу; праз сакрамэнт пакаяння яднаць грэшнікаў з Богам і Касцёлам; праз намашчэнне хворых умацоўваць тых, хто пакутуе; весці ўсіх вернікаў да еднасці ў любові… Немагчыма пералічыць усе абавязкі людзей, якія адказалі “Так” на пакліканне Езуса і пайшлі за Ім, як апосталы”.
Таму ў віншаваннях, якія ў парафіі на святкаванні юбілею ксяндза Паўла выказвалі яму дзеці і якія пачыналіся словамі: “Калі імя табе святар…”, гучала ўдзячнасць за яго служэнне і пажаданні шчодрых дароў Духа Святога, моцнага здароўя, шчырай радасці на кожны дзень.
Парафіяне выказалі свайму пробашчу пажаданне, каб Бог адарыў яго неабходнымі ласкамі, добрым здароўем, здольнасцямі ў пераадольванні штодзённых клопатаў на пастырскай ніве, і паабяцалі падтрымліваць яго малітвай.
20 кастрычніка ксёндз Павел цэлебраваў Імшу падзякі ў сваёй роднай парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара).
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі