Skip to main content

У Белагрудзе памаліліся за кс. Рышарда Пэрчака ў 30-ы дзень смерці

belagruda 1023 кастрычніка ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Белагрудзе (Лідскі дэканат) адбылася святая Імша ў інтэнцыі кс. Рышарда Пэрчака ў 30-ы дзень яго смерці.

Узначаліў літургію біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Шматлікае духавенства і вернікі, якія сабраліся на Імшы, разам прасілі добрага Бога аб дары жыцця вечнага для спачылага, які быў руплівым душпастырам гэтай парафіяльнай супольнасці, дзе служыў з 1997 г.

У гаміліі кс. канонік Валянцін Хвядук, які нядаўна стаў наступнікам спачылага святара – пробашчам белагрудскай парафіі, – прыгадаў розныя гісторыі, звязаныя з зямным жыццём ксяндза Рышарда, і падкрэсліў, што той з вялікай адданасцю служыў Богу, Яго Касцёлу і людзям, да якіх быў пасланы і для якіх заўсёды стараўся быць правадніком у веры.

Пасля Імшы прысутныя накіраваліся на могілкі, дзе месяц таму быў пахаваны ксёндз Рышард. На магіле святара яны прасілі Пана аб вечным жыцці для памерлага.

belagruda 5

Ксёндз Рышард Пэрчак нарадзіўся 21 жніўня 1959 г. у Бужысках (Драгічынская дыяцэзія, Польшча) у сям’і Антонія і Зоф’і Пэрчакаў.

У 1986-1991 гг. вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Ломжы (Польшча).

Дыяканскае пасвячэнне прыняў 24 ліпеня 1992 г. у касцёле Перамянення Пана ў Селіванаўцах (Сапоцкінскі дэканат). Прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, прыняў 7 снежня 1996 г. у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

Адразу пасля пасвячэння служыў вікарыем у парафіі Спаслання Духа Святога ў Бярозаўцы (Навагрудскі дэканат).

24 лістапада 1997 г. быў прызначаны пробашчам парафіі св. Міхала Арханёла ў Белагрудзе (Лідскі дэканат), дзе служыў да смерці.

Калі ў 2007 г. была ўтворана парафія святых апосталаў Пятра і Паўла ў Дзітве (Лідскі дэканат), стаў яе першым пробашчам. Пад яго кіраўніцтвам там была пабудавана святыня.

Пасля працяглай хваробы адышоў у вечнасць на досвітку 25 верасня, прыняўшы святыя сакрамэнты.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі