Skip to main content

Вернікам гродзенскай парафіі расказалі пра св. Кацярыну Лябурэ і медальён Маці Божай

alszanka s szarytki 2У нядзелю 20 кастрычніка, калі адзначаўся Сусветны дзень місій, у гродзенскую парафію Святога Духа завіталі сёстры Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля (шарыткі) разам з прадстаўнікамі Вінцэнцкай Марыйнай моладзі (“Дзеці Марыі”).

Візіт гэтых гасцей стаў у парафіі сапраўдным духоўным святам. Парафіяне з нецярпеннем чакалі магчымасці больш даведацца пра велічную гісторыю паклікання святой Кацярыны Лябурэ і гісторыю развіцця культу цудадзейнага медальёна пасля аб’яўленняў Маці Божай.

Сёстры шарыткі падзяліліся натхняльным аповедам пра духоўныя перажыванні святой Кацярыны і аб’яўленні ёй Багародзіцы. У прыватнасці, было ўзгадана, што гэтая святая была абрана Богам для перадачы чалавецтву важнага паслання. Божая Маці з’явілася ёй з мэтай перадаць вобраз медальёна, які павінен быў стаць сімвалам надзеі і абароны для ўсіх вернікаў, магутным інструментам веры і ўмацавання духу для кожнага, хто будзе з пашанай насіць яго, і крыніцай суцяшэння для тых, хто шмат пакутуе.

Сёстры заклікалі маліцца да Маці Божай, выяўленай на гэтым медальёне, аб неабходных ласках для сябе і сваіх блізкіх, а асабліва для тых, хто адышоў ад Бога, каб яны знайшлі сцежку навяртання.

alszanka s szarytki 4

Аповед шарытак стаў для парафіян натхненнем паглыбляць сваю веру, перагледзець сваё духоўнае пакліканне, каб з большымі сіламі імкнуцца да святасці.

Прадстаўнікі Вінцэнцкай моладзі раздалі ўсім ахвотным медальёны і буклеты “Дар Марыі”, дзе апавядаецца пра гісторыю і сутнасць аб’яўленняў Маці Божай.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі