19 кастрычніка ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша падзякі за пастырскае служэнне біскупа Аляксандра Кашкевіча. Ён быў першым біскупам Гродзенскай дыяцэзіі, якую ўзначальваў больш за 33 гады – з часу яе ўтварэння ў 1991 г.
У сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту іерарх згодна з кан. 401 § 1 Кодэкса кананічнага права быў звольнены Папам Францішкам з пасады біскупа Гродзенскага і сышоў на пенсію, аб чым аб’яўлялася ў спецыяльным паведамленні Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі.
Імшу падзякі ўзначаліў сам біскуп эмерыт, на ёй сабралося шматлікае духавенства, законныя сёстры, прадстаўнікі вернікаў розных парафій дыяцэзіі.
Новы біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у пачатку літургіі вітаючы прысутных, адзначыў, што гэтая сустрэча яднае іх у малітве праслаўлення Бога і падзякі Яму за ўсе даброты.
Іерарх падкрэсліў, што біскуп Кашкевіч стаў неад’емнай часткай дыяцэзіяльнай супольнасці і што ўдзел у гэтай Імшы – нагода выказаць яму “глыбокую ўдзячнасць за шматгадовае чалавечае, святарскае і біскупскае служэнне, багатае на Божую ласку і поўнае евангельскай радасці”. “Служэнне, якім Вы на працягу гэтых гадоў шчодра нас адорвалі, – дадаў біскуп, звяртаючыся да свайго папярэдніка. – А мы з удзячнасцю гэта прымалі і пакорна прабывалі на дарозе веры, надзеі і любові, слухаючы голас свайго Пастыра і ідучы за ім”.
Па словах біскупа Уладзіміра, усе, хто ўглядаўся ў служэнне яго папярэдніка, бачылі прыклад вернасці Богу і пакліканню, a сведчаць аб гэтай вернасці шматлікія новыя святыні і парафіі Гродзенскай дыяцэзіі, мноства святароў і кансэкраваных асобаў; біскуп Аляксандр вучыў вернікаў дыяцэзіі будаваць жыццё на Эўхарыстыі, звяртаючыся да Божай міласэрнасці і аддаючы сябе ў апеку Найсвяцейшай Панне Марыі, асабліва Яе Беззаганнаму Сэрцу.
“Сёння як Ваш пераемнік дзякую Вам, Эксцэленцыя, за айцоўскае сэрца і мудрыя парады, якімі дзеліцеся са мной. З першага моманту майго служэння ў Касцёле на Гродзеншчыне Вы былі маім айцом і правадніком, раздзяляючы пастырскую місію. Я глыбока спадзяюся, што мы і далей будзем радавацца Вашай актыўнай прысутнасці ў жыцці нашай дыяцэзіі”, – сказаў біскуп Гродзенскі.
Біскуп Кашкевіч у гаміліі заахвоціў дзякаваць Богу за дар Эўхарыстыі, за ўсе атрыманыя ласкі, асабліва за дар святарства, кансэкраванага жыцця і дыяцэзіяльнай супольнасці. Іерарх падкрэсліў, што Хрыстовы Касцёл “не перастае здзіўляць нас сваёй моцай, дынамічнасцю, невычэрпным патэнцыялам духу”. “Хачу дзякаваць Добраму Богу за дар жыцця і дар простай веры, каштоўнасці якой перадалі мне мае любыя бацькі, а потым развівалі і ўгрунтоўвалі святары, законныя сёстры, сямейнае атачэнне і шмат цудоўных людзей, якіх Бог паставіў і ставіць на дарозе майго святарскага, а затым біскупскага паклікання”, – дадаў ён.
Біскуп узгадаў пачаткі ўтварэння Касцёла на Гродзеншчыне, свой страх перад выклікамі, якія паўсталі перад ім, калі яго прызначылі пастырам дыяцэзіі. “Гэта было для мяне вялікай нечаканасцю, – распавёў ён. – Я адчуваў сябе нягодным прыняць гэтае прызначэнне і са страхам задаваў сабе пытанне, ці спраўлюся з гэтай вялікай задачай. І тады я прыгадаў пакліканне Майсея, прарока Ераміі і святога апостала Паўла, якія, пакліканыя па імені Панам Богам, пачулі Яго запэўніванне: “Я з табою… Я буду з табою… Хопіць табе Маёй ласкі”. Па словах іерарха, ён шмат разоў прыгадваў словы Езуса: “Хопіць табе Маёй ласкі” (2Кар 12, 9), i гэтае запэўніванне было “моцным духоўным багажом, невычэрпнай крыніцай надзеі, даверу і супакою сэрца”.
Біскуп падзякаваў Богу за дадзеную яму “ласку стаць відавочцам вялікай вясны Касцёла”, калі ў 90-я гады ён узначаліў дыяцэзію. “Я бачыў слёзы радасці на тварах вернікаў, калі пасля многіх гадоў яны ўваходзілі ў свае святыні, ачышчаныя, прыведзеныя ў парадак і адноўленыя, пераважна ўласнымі рукамі. Бачыў радасць дзяцей і моладзі, якія з праўдзівым і шчырым запалам наведвалі штотыднёвыя ўрокі рэлігіі, бралі ўдзел у “канікулах з Богам”, пілігрымках, днях моладзі ці дзяцей і іншых касцёльных падзеях. Да сённяшняга дня ў мяне перад вачыма натоўпы людзей, якія чакалі прыняцця сакрамэнту канфірмацыі ў сваіх парафіяльных касцёлах”, – узгадаў іерарх, дадаўшы, што ў той час ажыўлялася “вера ў Бога адзінага, жывога і праўдзівага”.
У сувязі з гэтым ён падзякаваў усім, хто ўключаўся тады ў справу адраджэння на Гродзеншчыне касцёльнага жыцця, у тым ліку сваім супрацоўнікам, якія падтрымлівалі яго ў служэнні.
“Не перастаю праслаўляць Пана Бога за гэты Касцёл з жывых сэрцаў дзяцей і моладзі, дарослых і людзей старэйшага пакалення, сем’яў, самотных людзей, свецкіх і духоўных – за ўсіх, хто ставіць Хрыста на першае месца ў сваіх сэрцах”, – сказаў біскуп і абяцаў усім, хто ўтварае Гродзенскую дыяцэзію, штодзённа маліцца за іх.
Акрамя таго, ён папрасіў прабачэння ва ўсіх, хто калісьці мог адчуць сябе пакрыўджаным з яго боку, і запэўніў, што зрабіць камусьці непрыемнасць ніколі не было яго намерам.
Свайму наступніку ён пажадаў шчодрасці Божых дароў, асабліва святла Духа Святога, апекі Маці Божай Кангрэгацкай, якая ўшаноўваецца ў гродзенскай катэдры, папрасіў яго прабываць у адзінстве са святарамі, законнымі сёстрамі і супольнасцямі, запэўніў у сваёй малітве і паабяцаў супрацоўніцтва і паслухмянасць.
“Няхай Езус Хрыстус благаславіць нашу цудоўную Гродзенскую дыяцэзію і ўсю Беларусь”, – пажадаў біскуп Кашкевіч, а завяршыў гамілію зваротам да Хрыста, змешчаным у яго пастырскім дэвізе: “Езу, давяраю Табе!”
У канцы Імшы біскупу эмерыту выказалі шмат цёплых слоў удзячнасці.
Ад імя духавенства Гродзенскай дыяцэзіі яму падзякаваў яго шматгадовы супрацоўнік кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, канцлер дыяцэзіяльнай курыі.
Падзяку ад імя Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі выказаў а. Аляксандр Махнач SP, пробашч шчучынскай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i св. Тэрэзы Авільскай.
Ад імя архімандрыта Сяргея Гаека, Апостальскага адміністратара для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, біскупу падзякаваў за падтрымку іх супольнасці а. Андрэй Крот, які ўзначальвае грэка-каталіцкую гродзенскую парафію Маці Божай Фацімскай.
Дзеці з катэдральнай гродзенскай парафіі выказалі іерарху падзяку ад імя ўсіх дзяцей дыяцэзіі і выканалі музычны твор.
Ад імя ўсіх сем’яў дыяцэзіі падзяку выказала сям’я з гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай, мучаніцы Другой сусветнай вайны.
За душпастырскі клопат і апеку падзякавала супольнасць літоўскіх вернікаў.
Словы ўдзячнасці выказалі таксама студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і навучэнцы Тэалагічнага каледжа св. Казіміра ў Гродне.
У адказ біскуп Аляксандр з глыбокай узрушанасцю падзякаваў за ўсе добрыя словы, падкрэсліўшы, што не развітваецца з дыяцэзіяй, а будзе па меры сіл старацца дапамагаць новаму ардынарыю ў пастырскім служэнні, і выразіўшы надзею, што з’явіцца яшчэ шмат нагод для сустрэч, сумеснай малітвы і праслаўлення Бога.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Агата Фядкевіч