19 кастрычніка ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) адбылася Імша падзякі ў 25-годдзе манаскага жыцця с. Лаўры Шукеловіч з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
Сястра Лаўра паходзіць з парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах (Ашмянскі дэканат). Служыла ў розных месцах нашай краіны, зараз з’яўляецца асістэнткай правінцыяльнай настаяцельніцы і сакратаром Беларускай правінцыі Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, а таксама катэхеткай у нядаўна створанай гродзенскай парафіі св. Піо.
Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у ёй удзельнічалі шматлікія госці, у тым ліку біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, духавенства з розных месцаў Беларусі, сёстры назарэтанкі на чале з правінцыяльнай настаяцельніцай с. Філатэяй Ціхановіч CSFN, родныя і знаёмыя юбіляркі. Літургію аздобіў спевам хор гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля пад кіраўніцтвам Вольгі Маркевіч.
На Імшы дзякавалі за дар сястры Лаўры, якая нясе ў сваім служэнні евангельскую радасць і цяпло назарэтанскай супольнасці, маліліся аб тым, каб яна была верная Божай волі, каб Найсвяцейшая Сям’я з Назарэта была для яе прыкладам крочання дарогай веры, надзеі і любові і дапамагала ёй на гэтай дарозе.
У пачатку Імшы біскуп Уладзімір Гуляй адзначыў, што пакліканне да кансэкраванага жыцця – дар Божай міласэрнасці i што яно нараджаецца з закліку Духа Святога ісці за Хрыстом. Іерарх дадаў, што сястра Лаўра, дваццаць пяць гадоў таму ўступіўшы ў манаскую супольнасць, выказала і пацвердзіла сваю волю ісці за Езусам шляхам евангельскіх рад.
“Гэта асаблівае следаванне за Хрыстом не абмяжоўваецца тым, каб любіць Яго ўсім сэрцам, любіць больш за бацьку ці маці, больш за брата ці сястру. Яно азначае падпарадкаванне Хрысту ўсяго свайго жыцця, адданне сябе праз усё і ва ўсім”, – патлумачыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Звяртаючыся да юбіляркі, біскуп прыгадаў момант яе ўступлення ў кангрэгацыю і засяродзіў увагу на тым, што здарылася ў той момант: “Бог паклаў сваю пячаць на тваё сэрца, узяў цябе ў свае рукі, схаваў у сваім сэрцы і дазволіў, каб на працягу ўсіх гэтых гадоў ты трывала ў Ім і прыносіла плён”.
У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі, блізка знаёмы з сястрой Лаўрай, бо яна распачынала манаскае служэнне ў яго роднай парафіі св. Юзафа ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), закрануў тэму паклікання да кансэкраванага жыцця, якое назваў вялікім дарам і таямніцай для пакліканага.
Біскуп дадаў, што сястра Лаўра ўспрымае сваё пакліканне, незалежна ад любых абставін, заўсёды з вялікай радасцю, нясе гэтую радасць людзям, якіх Бог ставіць на яе жыццёвым шляху, і дзялілася ёю таксама з яго бацькамі, калі сустракала іх або наведвала.
“Няхай тваё служэнне, дарагая сястра Лаўра, прыносіць плён ва ўзрастанні Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне”, – пажадаў юбілярцы іерарх. Усіх прысутных ён заахвоціў да асаблівай малітвы аб новых пакліканнях у Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
Сястра Лаўра ў канцы Эўхарыстыі звярнулася са словамі падзякі да ўсіх, хто ў гэты дзень падтрымаў яе сваёй прысутнасцю і малітвай. Асаблівую падзяку яна выказала біскупам і іншаму духавенству, сваёй манаскай супольнасці, сваёй маці і брату, а таксама падзякавала спачыламу бацьку за прыклад клопату і дар веры.
Біскуп Гродзенскі, разам з астатнімі іерархамі ўдзяляючы прысутным пастырскае благаслаўленне, падзякаваў кіраўніцтву Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта за тое, што законніцы гэтай супольнасці шчыра і аддана служаць у манаскай любові вернікам Гродзенскай дыяцэзіі i ўсяму Касцёлу на Беларусі. Ён заклікаў прысутных маліцца аб тым, каб сястра Лаўра і яе кангрэгацыя заставаліся цесна з’яднанымі з Хрыстом, заўсёды служылі Яму, моцна трымаліся Хрыстовага Крыжа і рабілі ўсё гэта ў сапраўднай евангельскай радасці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Галіна Валюшка