Skip to main content

У Гродне дзеці далучыліся праз тэлемост да малітвы Ружанца

telemost 16Касцёл Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне стаў у Гродзенскай дыяцэзіі цэнтрам правядзення сусветнай малітоўнай акцыі “Мільён дзяцей моліцца на ружанцы”, якая адбылася 18 кастрычніка.

Праз тэлемост дзеці ва ўсіх дыяцэзіях Касцёла на Беларусі адначасова маліліся за мір ва ўсім свеце, мір і згоду ў іх сем’ях і народзе, разважаючы над Балеснымі таямніцамі Ружанца. Тэлемост быў усталяваны паміж Жодзінам, Бабруйскам, Браславам, Баранавічамі і Гроднам. Ён прайшоў у Беларусі ў пяты раз.

У гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ўзяць удзел у малітоўнай акцыі сабралося больш за 200 дзяцей разам з бацькамі.

Звяртаючыся да прысутных, пробашч парафіі а. Андрэй Ядкоўскі CSsR адзначыў, што калі дзіця моліцца, то Бог благаслаўляе ўвесь свет.

telemost 20

Дзеці разам з біскупам Гродзенскім Уладзімірам Гуляем прывіталі праз тэлемост усіх прысутных анлайн.

У канцы біскуп падзякаваў дзецям і бацькам за супольную шчырую малітву. Іерарх нагадаў, што Езус ставіў у прыклад апосталам дзяцей, кажучы, што менавіта так трэба жыць і адкрываць сваё сэрца на Бога, каб малітва і жыццё былі сапраўды хрысціянскімі. “Сёння, углядаючыся ў вашыя вочы, гледзячы на вас, я дзякую Богу за тое, што Ён праз вас вучыць нас, дарослых, як шчыра мы павінны маліцца, – сказаў біскуп, звяртаючыся да дзяцей. – Вы, дзеці, так моцна маліліся, і я веру, што гэта было шчыра, упэўнены, што неба ў гэты час было адкрыта”.

Біскуп дадаў, што працягваць малітву аб міры ў свеце вельмі важна. “Бо мы добра ведаем, што сённяшняму свету і кожнаму з нас патрэбны дар міру”, – сказаў ён.

Удзельнікі малітвы атрымалі памятныя наклейкі.

telemost 28

Сусветная ініцыятыва “Мільён дзяцей моліцца на ружанцы” арганізавана Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі – паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа ўзносіцца проста да Бога і такім чынам змяняць свет. Упершыню гэтае малітоўнае чуванне дзяцей прайшло ў 2005 годзе ў сталіцы Венесуэлы Каракасе. Тады падчас ружанцовай малітвы групы дзяцей у прыдарожнай каплічцы некалькі жанчын, якія былі разам з імі, яскрава адчулі прысутнасць Маці Божай.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі