Skip to main content

Біскуп Кашкевіч узяў удзел у Імшы падзякі за пастырскае служэнне біскупа Велікасельца ў Пінску

2024 10 15 Pinsk Velikaselec 20241015 03315 кастрычніка ў пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася Імша падзякі Богу за шматгадовае служэнне біскупа Казіміра Велікасельца ОР на пасадзе дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі.

Як паведамляе catholic.by, у гэты дзень на сустрэчы духавенства і кансэкраваных асобаў у Пінску Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі кс. прэлат Кшыштаф Сэрока абвясціў, што 10 кастрычніка Папа Францішак прыняў адмову біскупа Казіміра Велікасельца – найстарэйшага па ўзросце беларускага каталіцкага іерарха – ад пасады дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі. Такім чынам іерарх стаў біскупам эмерытам.

Цэлебрацыю Імшы падзякі ўзначаліў сам біскуп Велікаселец. Разам з ім яе канцэлебравалі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, кс. прэлат Кшыштаф Сэрока, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія прэзбітэры, якія служаць у Пінскай дыяцэзіі.

2024 10 15 Pinsk Velikaselec 20241015 014

У пачатку літургіі біскуп Антоні Дзям’янка звярнуўся да прысутных з прывітальным словам, нагадаўшы пра змену статусу біскупа Велікасельца. Пастыр Касцёла на Піншчыне дадаў, што, хоць біскуп Казімір па волі Святога Айца перастаў быць дапаможным біскупам, аднак застаецца генеральным вікарыем дыяцэзіі.

Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска ў гаміліі прапанаваў удзельнікам літургіі паразважаць над пытаннем, хто такі святар і ў чым сутнасць быцця святаром. Па яго словах, людзі часта глядзяць на святара з пункту гледжання функцый і дзеянняў, якія той выконвае, але сутнасць насамрэч глыбейшая і не заўсёды заўважальная: гэта “дар і таямніца”, якія неабходна пазнаваць і раскрываць.

Сярод вымярэнняў святарства, якія моцна праявіліся таксама ў жыцці і служэнні біскупа Велікасельца, яго малады наступнік, прызначаны на пасаду дапаможнага біскупа ў гэтым годзе, назваў боязь Божую, любоў да Касцёла і бязмежную міласэрнасць да людзей.

У канцы Імшы арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выказаў біскупу Велікасельцу цёплыя словы падзякі за шматгадовае служэнне. Узгадваючы няпросты, але вельмі плённы святарскі і біскупскі шлях найстарэйшага беларускага іерарха, арцыбіскуп з уласцівым яму пачуццём гумару прывітаў таго ў “клубе біскупаў эмерытаў” і пажадаў далейшага плённага служэння на столькі часу, колькі яму вызначыць Божы Провід.

Словы падзякі і пажаданняў біскупу Велікасельцу выказалі святары і кансэкраваныя асобы Пінскай дыяцэзіі. Свецкія вернікі паабяцалі працягваць спадарожнічаць заслужанаму іерарху штодзённай малітвай у яго інтэнцыях.

Потым усе іерархі разам з біскупам Казімірам удзялілі прысутным вернікам Божае благаслаўленне.