Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй у Барунах: няхай Марыя будзе для нас знакам непахіснай надзеі і суцяшэння

huliaj boryny 35Вечарам 11 кастрычніка, у вігілію ўрачыстасці каранавання цудадзейнага абраза Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных, у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) адбылася святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

На Эўхарыстыі напярэдадні ўрачыстай падзеі каранавання сабралося шмат вернікаў з бліжэйшых парафій.

Новы біскуп Гродзенскі, распачынаючы сваё пастырскае служэнне, на літургіі маліўся найперш за Касцёл на Гродзеншчыне, за першага дыяцэзіяльнага біскупа Аляксандра Кашкевіча, за ўсе парафіяльныя супольнасці, духавенства, кансэкраваных асобаў і сем’і.

У пачатку Імшы, звяртаючыся да ўсіх прысутных ля трону Суцяшальніцы засмучаных, іерарх адзначыў, наколькі важная для ўсведамлення падзеі каранавання абраза “глыбокая вера, якая адзіная дазваляе нам правільна зразумець збаўчы аспект гістарычнай і надзвычайнай падзеі ў гісторыі гэтай зямлі і народа Божага, які тут жыве, а таксама ў гісторыі ўсяго Касцёла ў Беларусі”.

У гаміліі біскуп патлумачыў, што, “укараноўваючы галовы Божага Сына і Яго Маці, мы ўсцешым Марыю і ўсё неба і самі будзем усцешаны ў веры і любові”. “Мы верым, што з волі Бога суцяшэнне сыходзіць да нас, што прыходзіць у наша жыццё менавіта праз Марыю, Маці Божую”, – дадаў ён.

huliaj boryny 16

Іерарх нагадаў пра глыбокую веру самой Панны Марыі і пра тое, што, “каб атрымаць суцяшэнне, трэба верыць”, “каб спазнаць ласку ад Бога, трэба адкрыць Яму сваё сэрца”, “каб прыняць дар Божага прабачэння, любові і міласэрнасці, трэба цярпліва чакаць, трэба прызнаць свой грэх і чакаць Таго, якога – як прарочыў Ісая – Бог Айцец зрабіў запаветам для людзей і святлом для народаў, бо ў Ім, у Езусе Хрысце, наша збаўленне і наша адкупленне”.

Біскуп прапанаваў падумаць над пытаннямі: “Ці верым мы, што Бог дзейнічае ў нашым жыцці? Ці верым, што Пан, таемным і часта непрадказальным чынам, дзейнічае ў чалавечай гісторыі, здзяйсняе цуды, дзейнічае таксама ў нашых грамадствах, адзначаных сусветным секулярызмам і пэўнай рэлігійнай абыякавасцю? Ці верым яшчэ, што Бог дзейнічае ў нашых сем’ях, у нашых супольнасцях, што прыходзіць да нас, што сапраўды з намі? Ці ў стане мы яшчэ раз убачыць Яго прысутнасць, адкрыцца на яе, паверыць, што не пакінуў нас, не адрокся ад нас?”

Многім Ён здаецца проста вялікім адсутным. Мы ўсведамляем, што няма недахопу і ў людзях, якім сёння асабліва патрэбна менавіта наша дапамога і суцяшэнне. Гэта людзі слабыя ў веры, якія вагаюцца: калі Пан Бог благаслаўляе – вераць, калі выпрабоўвае – не вераць. Будзем жа прасіць для гэтых людзей дух веры, любові і моцы, каб яны былі трывалымі ў веры, беручы прыклад з Той, якую мы ўхваляем, – благаслаўлёнай, якая паверыла, благаслаўлёнай веруючай!” – сказаў біскуп, дадаўшы, што ў гэты дзень, напярэдадні каранавання абраза, варта яшчэ мацней прасіць аб гэтай веры, любові і моцы.

Акрамя таго, па словах іерарха, ва ўрачыстасці каранавання Барунскага абраза Касцёл нагадвае, “што калі Марыя нас суцяшае, то хочам і мы Яе суцяшаць, аддаючы ў Яе мацярынскую няволю любові нашы пачуцці, думкі і словы, нашу жывую веру і гарачую любоў да Бога і людзей; суцяшаць Яе ў нашых сем’ях, бо нам патрэбны жывая вера, малітва і любоў, каб мы захавалі адзінства і не дапусцілі разбурэння; мы хочам суцяшаць тых, хто знаходзіцца ў якойсьці бядзе, тым суцяшэннем, якое атрымліваем ад Бога, бо мы пакліканы, запрошаны несці суцяшэнне нашым сёстрам і братам”. Біскуп адзначыў, што “хрысціянін можа сеяць горыч, страх, але гэта не па-хрысціянску: калі ты так робіш, ты не з’яўляешся добрым хрысціянінам; хрысціянін сее надзею, разлівае алей надзеі, распаўсюджвае водар надзеі”.

huliaj boryny 31

“Маці Божая дае нам канкрэтны і відавочны прыклад, вучыць нас і падтрымлівае сваім заступніцтвам, каб мы суцяшалі, дапамагалі, не адводзілі нашых вачэй, не замыкаліся ў прыватным кутку нашага ўласнага шчасця, ішлі і неслі надзею”, – падкрэсліў біскуп і яшчэ раз нагадаў, што адзін са шляхоў вызвалення ад смутку – “бачыць пакуты і смутак іншых і старацца ім дапамагчы, бо, суцяшаючы іншых, мы самі знаходзім суцяшэнне”.

Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі заахвоціў “углядацца ў сведчанне надзеі Маці Божай” і “прасіць Яе заставацца для нас знакам непахіснай надзеі і суцяшэння”.

Кусташ санктуарыя кс. Павел Паўлюкевіч падзякаваў усім, хто ўзяў удзел у супольнай малітве ў барунскай святыні напярэдадні каранавання абраза.

Залатыя кароны, ахвяраваныя Маці Божай і Яе Сыну, зроблены майстрам Даніэлем Бэднарчыкам па праекце Войцеха Вулкоўскага і з’яўляюцца выразам любові вернікаў і падзякай першага біскупа Гродзенскага, цяпер эмерыта, Аляксандра Кашкевіча за супольны з усёй дыяцэзіяй шлях да порту збаўлення – яго 33-гадовае служэнне ў якасці пастыра Касцёла на Гродзеншчыне.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі