6 кастрычніка біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Маці Божай Анёльскай у Гродне, у якой служаць францішкане.
Іерарх узначаліў у парафіяльным касцёле святую Імшу, на якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе маладых людзей, адпаведным чынам падрыхтаваных да гэтага пад кіраўніцтвам законнай сястры Валерыі.
У гаміліі біскуп адзначыў, як важна трымацца Божага шляху, назваўшы гэта ключом да шчасця. Па яго словах, кожны чалавек мае магчымасць выбару жыццёвай дарогі: гэта можа быць дарога, указаная Богам, або свая ўласная.
“Божы шлях – гэта шлях слухання Яго слова, паслухмянасці Яго наказам, вернасці Яму і ўласнаму сумленню праз жыццё ў праўдзе, справядлівасці, дабрыні, сумленнасці, павазе і любові да бліжняга”, – сказаў іерарх, падкрэсліўшы, што гэты шлях цяжкі і патрабуе вялікіх духоўных намаганняў.
Біскуп дадаў, што, на жаль, кожны чалавек адчувае спакусу пайсці ўласнай дарогай, без усялякіх патрабаванняў ад сябе і без увагі да патрэбаў іншых, а толькі з клопатам аб сваёй зямной карысці. Такі шлях, заўважыў іерарх, ніколі не вядзе да шчасця.
Звяртаючыся да парафіян, якія ў гэты дзень прыступалі да канфірмацыі, ён адзначыў, што ў навакольным свеце шмат зла, хлусні, несправядлівасці, несумленнасці, насілля і нянавісці – усяго таго, чаго ніякім чынам нельга пагадзіць з хрысціянскай верай і чаму вельмі цяжка супрацьстаяць.
“Сёння мы молімся за вас, каб Дух Святы шчодра ўдзяліў вам свае дары. Няхай яны робяць вас здольнымі на працягу ўсяго жыцця адрозніваць Божы шлях ад шляху закамянеласці сэрца”, – сказаў біскуп.
У канцы літургіі пробашч парафіі а. Сяргей Мігун OFMConv выказаў іерарху ўдзячнасць за прамоўленае слова, удзяленне вернікам сакрамэнту і пастырскае благаслаўленне.
Маладыя людзі, якія прыступілі да канфірмацыі, падзякавалі ўсім, хто рыхтаваў іх да гэтай падзеі. Асаблівую падзяку яны выказалі сваім катэхетам i душпастырам за клопат і духоўную апеку.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Баляслаў Гавецкі