4 кастрычніка ў парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах (Ашмянскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Францішка Асізскага, успамін якога адзначаўся ў гэты дзень.
Святочную Эўхарыстыю ўзначаліў дэкан Ашмянскага дэканату кс. Павел Раманоўскі з Граўжышак, канцэлебравалі дэкан Іўеўскага дэканату кс. канонік Віктар Субель з Трабаў, святары з Багданава і Вішнева. Перад Імшой можна было прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Пробашч парафіі а. Багуслаў Вуйтовіч OFMConv прывітаў прысутных святароў і вернікаў.
З гаміліяй да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся пробашч ашмянскай парафіі св. Міхала Арханёла кс. Ян Варанецкі. Ён заахвоціў паразважаць над тым, што святы Францішак гаворыць людзям сёння, аб чым сведчыць прыкладам свайго жыцця. Самым першым і галоўным святар назваў тое, каб быць хрысціянінам, мець жывыя адносіны з Езусам, стаць падобным да Яго.
“Сёння мы просім святога Францішка, каб ён навучыў нас глядзець на крыж, стаяць перад крыжам, дазволіць Езусу паглядзець на нас, папрасіць у Езуса прабачэння, дазволіць Яму стварыць нас нанова сваёй любоўю”, – сказаў ксёндз Ян.
Акрамя гэтага, адзначыў ён, святы Францішак вучыць сённяшніх людзей супакою. Ксёндз Ян нагадаў, што дэвізам у жыцці гэтага святога сталі словы “Супакой і дабро” і што кожны, хто ідзе за Хрыстом, атрымлівае сапраўдны супакой: супакой Хрыста, які прайшоў праз любоў крыжа, супакой, які даў Уваскрослы Хрыстус сваім вучням.
Таксама ў гаміліі былі выказаны наступныя думкі: эгаізм нараджае разлад, а любоў Езуса Хрыста прынесла свету сапраўдны супакой; чым больш супакой Божы напаўняе сэрца, тым больш шчаслівым становіцца чалавек. Каб дасягнуць гэтага супакою, святы Францішак раіць: любіць Бога больш, чым сябе; быць убогім духам; быць пакорным; ва ўсім наследаваць Хрыста. “Там, дзе пануе супакой, дзейнічае Божая ласка, таму сёння мы звяртаемся да святога Францішка, каб ён навучыў нас жыць у супакоі і гэтым супакоем дзяліцца з іншымі, каб наследаваць Езуса Хрыста і дайсці да вечнай узнагароды”, – сказаў святар.
Пасля Імшы адбыліся літанія да св. Францішка і эўхарыстычная працэсія вакол касцёла і кляштара. Прагучаў гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”, вернікі атрымалі благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Пробашч падзякаваў парафіянам і гасцям за супольную малітву.
Напярэдадні вечарам адбылося набажэнства “Транзітус”. Пасля супольнасць свецкіх францішканаў папоўнілася новымі членамі. Таксама свецкія францішкане аднавілі свае абяцанні.
Тыя, хто ведае гальшанскую парафію, адзначаюць, што “ў цішыні яе старадаўняй святыні, упрыгожанай яркімі восеньскімі кветкамі, дзе можна памаліцца да многіх святых, змешчаных у алтарах і фігурах, сапраўды пануе атмасфера супакою, якому вучыць святы Францішак”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі