6 кастрычніка адзначалася 25-я гадавіна з часу асвячэння капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у Падліпках, якая належыць парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад).
Атрыманне гэтай капліцы 25 гадоў таму было для вернікаў вялікай падзеяй, бо ў іх з’явіўся Божы дом, месца сустрэчы чалавека з Панам.
У апошні час дзякуючы старанням парафіян на чале з іх душпастырам капліца была адрамантавана. На юбілейных урачыстасцях сабралося шмат вернікаў, духавенства, студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, запрошаныя госці, у тым ліку арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які паходзіць з адэльскай парафіі і здзейсніў асвячэнне капліцы. Імшу падзякі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Пробашч адэльскай парафіі кс. канонік Віктар Мыслюк прывітаў прысутных.
Гамілію прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Чытаннем Евангелля, на якім ён засяродзіў увагу, быў прызначаны на гэты дзень фрагмент пра мытніка Закхея. Вельмі хочучы ўбачыць Езуса, той узлез на дрэва, каб бачыць Яго над натоўпам людзей. Хрыстус сказаў яму, што хоча наведаць яго дом. Арцыбіскуп назваў гэта пераломным момантам у жыцці грэшніка Закхея, бо той спаткаў Езуса і Ягоную збаўчую ласку.
“Дваццаць пяць гадоў таму Хрыстус сказаў, што хоча быць у гэтым месцы”, – адзначыў іерарх, кажучы пра сярэбраны юбілей з часу асвячэння капліцы. Ён дадаў, што тагачасны пробашч адэльскай парафіі кс. Ян Казак пачуў гэты голас і распачаў старанні з мэтай атрымаць для вернікаў будынак былога клуба і перарабіць яго пад капліцу.
“Мы будуем касцёлы і капліцы не толькі для таго, каб яны ўпрыгожвалі нашыя гарады і вёскі, але найперш для таго, каб у іх сценах будаваць з нашых сэрцаў, як з жывых цаглінак, жывы Касцёл – Містычнае Цела Хрыста”, – сказаў арцыбіскуп і нагадаў, што гэтае будаўніцтва ажыццяўляецца праз слуханне Божага слова, катэхізацыю, удзел у сакрамэнтах, перш за ўсё Эўхарыстыі, і іншых касцёльных акцыях.
“Святкуючы сярэбраны юбілей з часу асвячэння гэтай прыгожай капліцы, у якой будуецца духоўны Касцёл, мы маем права спытаць: а калі ён будзе асвячаны? Добры адказ дае святы Аўгустын: у дзень прыйсця Пана ў канцы часоў. Цяпер у гэтай капліцы адбываецца сустрэча чалавека з Богам на зямлі. Сустрэча з Ім у канцы часоў заклікае нас адпаведным чынам рыхтавацца да гэтага, што і робіцца ў Касцёле”, – дадаў іерарх.
Зноў звяртаючы ўвагу на фрагмент Евангелля пра Закхея, арцыбіскуп сказаў: “Закхей адчыніў дзверы Хрысту, і збаўленне прыйшло ў яго дом. А ці адчыняем Яму дзверы мы? Бог прыходзіць да нас, але часта не застае нас дома. Чаму? На вялікі жаль, у нашым жыцці прысутнічаюць амаральныя фактары – п’янства, ужыванне наркотыкаў, сваркі, хлусня, карупцыя, сужэнская здрада, забойства дзяцей ва ўлонні маці, нязгоднае з Божым законам сексуальнае дашлюбнае жыццё і да т.п. На іх мы знаходзім час і сродкі, а на Бога далёка не заўсёды”.
“Перад тым як гэтая капліца была асвячана, будаўнікам трэба было перарабіць і дапасаваць будынак былога клуба для сакральнага выкарыстання. Так павінна быць і з намі. Мы павінны дапасаваць нашыя душы да таго, каб у іх знаходзіўся Бог”, – падкрэсліў іерарх.
Арцыбіскуп пажадаў вернікам, каб гэтая святыня і яе юбілей “дапамагалі адчыніць дзверы нашых сэрцаў на Бога і дапасаваць нашае жыццё да патрабаванняў Евангелля, каб Божае збаўленне дасягнула нас і каб у вечнасці мы былі прыняты ў супольнасць святых у трыўмфуючым Касцёле Божага Валадарства”.
У канцы ўрачыстасці біскуп Уладзімір Гуляй, звяртаючыся да мясцовых вернікаў, якія з вялікай павагай ставяцца да сваёй капліцы, падкрэсліў: “Святыня без вас была б толькі будынкам”. Ён заахвоціў іх працягваць будаваць сям’ю Божых дзяцей, у якой усе патрэбныя адзін аднаму і адказныя адзін за аднаго.
Паколькі распачынаецца яго служэнне як біскупа Гродзенскага, ён папрасіў спадарожнічаць яму малітвай у гэтым служэнні. Іерарх сказаў, што яго сэрца заўсёды адкрытае на ўсіх людзей, і дадаў: “Я нашу ў сэрцы ўсе вашы радасці і ўвесь ваш боль і прадстаўляю іх Богу”.
Святкаванне завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол капліцы. У працэсіі ўдзельнічаў аркестр, спяваліся духоўныя спевы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Юрый Чупрэта