Skip to main content

На Імшы, якой у Барунах завяршылася навэнна перад каранаваннем абраза, арцыбіскуп Кандрусевіч асвяціў алтары

kondrusewicz boryny 425 кастрычніка ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) завяршылася Навэнна да Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных – малітоўная падрыхтоўка да каранавання цудадзейнага абраза Багародзіцы, які знаходзіцца ў санктуарыі. Святую Імшу на заканчэнне навэнны ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Навэнна праходзіла па суботах на працягу дзевяці тыдняў. Каранаванне абраза адбудзецца 12 кастрычніка на ўрачыстай Імшы, пачатак якой у 12 гадзін. Кусташ санктуарыя і мясцовыя вернікі запрашаюць усіх ахвотных на гэтую падзею.

На літургіі, у якой удзельнічала духавенства, шматлікія парафіяне і пілігрымы, арцыбіскуп Кандрусевіч асвяціў два новыя алтары.

Кусташ санктуарыя кс. Павел Паўлюкевіч прывітаў прысутных.

У гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў значэнне абраза Божай Маці Барунскай, Суцяшальніцы засмучаных, культ якой вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Ён нагадаў, што гэты абраз больш за трыста гадоў з’яўляецца прытулкам і надзеяй прыгнечаных, хворых целам і душой.

kondrusewicz boryny 6

Іерарх адзначыў, што каранаванне абраза не павялічвае нябеснай славы Панны Марыі і не пагражае Божаму культу – гэта знак удзячнасці за апеку над Божым народам і праява далейшага развіцця культу Багародзіцы.

“Марыя – наша Каралева, і гэту Яе годнасць падкрэслівае абрад каранавання Яе выяваў, – патлумачыў арцыбіскуп. – Карона ўскладаецца на галаву Марыі, і гэта прыпамінае словы з Апакаліпсіса святога апостала Яна пра знак, які з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе нагамі, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак. У гэтае святло, якім свеціць Марыя, уключаецца святло з Беларусі, бо на галаву Божай Маці Барунскай будзе ўскладзена папская карона”.

Паколькі на Імшы было здзейснена асвячэнне алтароў, іерарх засяродзіў увагу таксама на значэнні алтара. Ён нагадаў, што алтар – месца бяскроўнай ахвяры Хрыста, на ім бяскроўным чынам паўтараецца збаўчая ахвяра Галготы, а праз гэтую ахвяру Бог робіць людзей святымі. Звяртаючы ўвагу на тое, што алтар зроблены з каменя, арцыбіскуп прывёў словы Святога Пісання, што камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся вуглавым. На вуглавым камені, дадаў ён, трымаецца будынак, а вуглавым каменем хрысціянскай веры з’яўляецца Хрыстус, які прыходзіць да людзей у Пісанні і сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі, якая цэлебруецца на алтары.

Іерарх нагадаў, што алтар шырока выкарыстоўваўся як месца складання ахвяры Богу яшчэ ў старазапаветныя часы; у Новым Запавеце слова “алтар” набывае іншае значэнне, бо немагчыма, каб грахі знішчала кроў жывёл, – гэта здзяйсняе ахвяра Хрыста, якая бяскроўным чынам паўтараецца на кожнай Імшы, таму алтар у Новым Запавеце – места ахвяры Хрыста і пакланення Яму.

kondrusewicz boryny 8

Арцыбіскуп адзначыў, што намашчэнне алтара хрызмам сімвалізуе Хрыста, намашчанага Духам Святым і прызначанага быць Найвышэйшым Святаром, які прыносіць сябе ў ахвяру дзеля збаўлення ўсіх людзей, і што, як падкрэслівае Другі Ватыканскі Сабор, справа адкуплення здзяйсняецца кожны раз, калі на алтары цэлебруецца ахвяра крыжа, у якой Хрыстус ахвяруецца за людзей.

“Збіраючыся ля алтара на Эўхарыстыі, мы сустракаем любоў Езуса, якою Ён збавіў чалавецтва, калі, выконваючы волю свайго нябеснага Айца, узышоў на крыж. Крыж Хрыста – вяршыня любові Бога да чалавека”, – заўважыў іерарх. Арцыбіскуп растлумачыў таксама сутнасць ушанавання алтара, якое праяўляецца ў тым, што святар цалуе яго ў пачатку і ў канцы кожнай Імшы: “Гэта напамінае аб тым, што алтар – месца, дзе Бог сустракае нас з нашымі патрэбамі, каб дапамагчы”.

“Таму зразумела, чаму ў цэнтры нашай увагі знаходзіцца не мастацкая прыгажосць касцёла, а алтар: з яго сыходзяць патрэбныя для збаўлення ласкі, – сказаў іерарх. – Нам неабходна лячыць нашыя сэрцы ад хваробы, часам нават ад грахоўнага “інфаркту”, а без Божай ласкі мы не ў стане змяніць іх. У Эўхарыстыі прысутнічае Езус, які можа ператварыць нашыя каменныя сэрцы ў цялесныя. З эўхарыстычнага стала Ён адорвае нас сваім супакоем, якога не можа даць свет. Таксама Ён разбурае фальшывы супакой, які абяцае злы дух коштам страты душы”.

Арцыбіскуп завяршыў гамілію просьбай да Маці Божай: “Марыя, праслаўленая ў Барунскай іконе, наша духоўная Маці, вядзі нас да свайго Сына, які ў Эўхарыстыі паўтарае сваю збаўчую ахвяру крыжа на Галгоце. Няхай яе цэлебрацыя на новаасвячаных алтарах дапамагае нам у барацьбе са злом і становіцца прадвесцем радасці вечнага жыцця”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі