Skip to main content

У сваёй роднай парафіі ў Бярозаўцы біскуп Андрэй Зноска цэлебраваў першую Імшу ў якасці біскупа

bp znosko 329 верасня дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска ў сваёй роднай парафіі Спаслання Святога Духа ў Бярозаўцы (Навагрудскі дэканат) упершыню цэлебраваў Эўхарыстыю ў якасці біскупа.

Дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі з тытулярным пасадам Скардоны (гістарычнай дыяцэзіі на тэрыторыі сучаснай Харватыі, Скрадзін) ён быў прызначаны 19 ліпеня. Біскупскае пасвячэнне прыняў 7 верасня ў пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, галоўным пасвячаючым быў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Бярозаўскія вернікі, удзячныя Богу за тое, што зірнуў на іх парафіяніна і выбраў яго, каб зрабіць сваім апосталам, сустрэлі сына сваёй зямлі з радасцю і гонарам, са слязьмі ўзрушанасці.

Міністранты ў працэсіі правялі біскупа да брамаў святыні, дзе яго прывітаў пробашч кс. Андрэй Радзевіч. Пад гучанне песні “Barka” яны разам увайшлі ў касцёл, дзе іерарха прывіталі дзеці.

У гаміліі на Імшы біскуп звярнуў увагу на каштоўны дар, якім назваў святыню. Таксама ён узгадаў пра прыгоды свайго дзяцінства, калі святыні ў Бярозаўцы яшчэ не было.

Парафіяне, законныя сёстры, якія працуюць у парафіі з самага пачатку, і пробашч выказалі іерарху падзяку і пажаданні.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі