Skip to main content

У Гродне прайшла навуковая канферэнцыя на тэму новай евангелізацыі

kanfirencja 128 верасня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла навуковая канферэнцыя “Новая евангелізацыя ў кантэксце дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі”.

Канферэнцыя была арганізавана з нагоды пастырскага Года свецкіх і Сіноду Біскупаў, прысвечанага сінадальнасці. У цэнтры яе ўвагі былі новая евангелізацыя ў кантэксце сінадальнасці і роля свецкіх людзей у Касцёле.

У межах мерапрыемства выступілі з дакладамі духоўныя і свецкія асобы.

Айцец Андрэй Урублеўскі CSsR у дакладзе “Новая евангелізацыя ў кантэксце Каталіцкага Касцёла ў Беларусі” адзначыў, што новая евангелізацыя адрасавана хрысціянам, якія аддаліліся ад Касцёла. У сувязі з гэтым, па яго словах, патрэбныя новае бачанне Касцёла і новыя евангелізатары, бо новымі з’яўляюцца сітуацыя і выклікі, у тым ліку ў Касцёле ў нашай краіне.

kanfirencja 25

Анатоль Канарскі, лідар каталіцкай евангелізацыйнай супольнасцi “Эхад”, якая дзейнічае пры катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, звярнуў у сваім дакладзе ўвагу на харызматычныя служэнні ў Беларусі. Ён адзначыў, што гэтыя служэнні павінны здзяйсняцца ў адзінстве з Касцёлам і ў паслухмянасці вучэнню Касцёла, у садзейнічанні з адказнымі ў супольнасці і з касцёльнай іерархіяй. Таксама дакладчык закрануў такое пытанне, як паўната харызмаў, і, у прыватнасці, выказаў думку, што гэтую паўнату Дух Святы не дае аднаму чалавеку, але яна ёсць ва ўлонні Касцёла.

Доктар тэалогіі Уладзіслаў Валаховіч выступіў з дакладам “Касцёл у абароне жыцця і захаванні сямейных каштоўнасцей”. Ён назваў Каталіцкі Касцёл галоўнай у свеце сілай, якая бароніць жыццё чалавека і сям’ю.

Вікторыя Балінская, служыцель евангелізацыйнага Альфа-курса, патлумачыла, чым з’яўляецца гэты курс, адзначыўшы, што гэта праграма практычнага знаёмства з хрысціянствам для людзей, якія шукаюць Бога, у каго ёсць пытанні пра Бога і сэнс жыцця. Акрамя таго, выступоўца сказала, што евангелізацыйныя рухі сёння становяцца адказам на сучасныя выклікі хрысціянству.

Ксёндз Павел Эйсмант, мадэратар апостальства “Маргарытка” ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, распавёў пра гэты апостальскі рух і яго мэты: малітву за святароў і яе распаўсюджванне ў Касцёле, падтрымку пакліканняў да святарства і манаскага жыцця, клопат пра еднасць і супрацоўніцтва паміж святарамі і свецкімі людзьмі, паглыбленне любові да Касцёла.

Таксама ў межах канферэнцыі адбылася дыскусія.

Яшчэ адным пунктам праграмы навуковага мерапрыемства была Эўхарыстыя ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскім), якую ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, адказны за арганізацыю канферэнцыі.

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі нагадаў у гаміліі пра Сінод Біскупаў, на якім разглядалася роля свецкіх людзей у апостальскай місіі Касцёла і з нагоды якога праводзілася гэтая канферэнцыя.

kanfirencja 16

Іерарх адзначыў, што прамоўленыя Езусам падчас Унебаўшэсця словы: “Ідзіце і абвяшчайце Евангелле” не толькі прагучалі для апосталаў, якія чулі іх у той час, але і гучаць сёння для сучасных людзей. Біскуп падкрэсліў, што, ажыццяўляючы новую евангелізацыю – значыць несучы Добрую Навіну новымі спосабамі – сённяшнія вернікі пакліканы дапамагаць сучасным людзям сустрэцца з Хрыстом.

Па словах біскупа, сучасны хрысціянін павінен “несці Хрыста на далоні”. “Евангелле на далоні” – гэта, патлумачыў ён, перш за ўсё сведчанне кожнага чалавека, не толькі духавенства. У сувязі з гэтым, адзначыў іерарх, першым крокам з’яўляецца прыняць Евангелле ў сваё жыццё, бо людзі бачаць у першую чаргу паводзіны, жыццёвае сведчанне.

Кажучы пра харызмы, ён заўважыў, што, атрымаўшы якуюсьці харызму, трэба “прабываць у Касцёле, каб прынесці плён”, трэба “памятаць, што мы адно цэлае”, “не ўзвышацца адзін над адным”. Разнастайнасць харызмаў ён назваў багаццем Касцёла.

Звяртаючыся да навучэнцаў і выпускнікоў Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра ў Гродне, біскуп адзначыў, што, прыйшоўшы ў гэтую навучальную ўстанову, яны “адкрылі сваё пакліканне, якім з’яўляецца і прыход у нейкую супольнасць”, а акрамя таго, іх заахвоціў да гэтага сам Хрыстус: “Ён сказаў: ідзі ў каледж, у цябе ёсць там задачы. Напрыклад, здабыць неабходныя веды, зрабіць крок наперад у духоўным жыцці”. Па словах іерарха, “несці Евангелле на далоні” – гэта “не ведаць, калі настане момант даць сведчанне, і быць заўсёды гатовым да гэтага, бо невядома, калі атрыманыя веды могуць спатрэбіцца”. Біскуп пажадаў навучэнцам тэалагічнага каледжа, каб іх вучоба не толькі перанесла іх саміх на вышэйшы ўзровень, але і дапамагла іншым.

Біскуп падкрэсліў, што словы Хрыста: “Вы соль зямлі” былі адрасаваны не толькі Яго вучням-апосталам, але і ўсім людзям. Іерарх назваў здабыццё ведаў дапамогай у тым, “каб соль не згубіла свой смак”, і выказаў пажаданне, каб “усе мы былі соллю зямлі і святлом свету”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Станіслаў Бервячонак