28-29 верасня ў Навагрудку адбыліся ўрачыстасці з нагоды 400-годдзя касцёла св. Арханёла Міхала. На гэтыя два дні, кульмінацыйныя ў святкаванні юбілею, была падрыхтавана багатая духоўная, адукацыйная і культурная праграма.
Урачыстасці распачаліся ў суботу 28 верасня Навагрудскімі гістарычнымі чытаннямі, прысвечанымі гісторыі касцёла Арханёла Міхала і дзейнасці айцоў дамініканаў. З дакладамі ў межах чытанняў выступілі навуковы супрацоўнік музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку Мікалай Гайба і кандыдат гістарычных навук, выкладчыца катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах Раіса Зянюк. Гэтае адукацыйнае мерапрыемства сабрала вялікую колькасць зацікаўленых гісторыяй слухачоў.
Пасля адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Уладзімір Гуляй, новапрызначаны ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі. У гаміліі пастыр засяродзіў увагу на постаці Арханёла Міхала і неабходнасці пастаяннай духоўнай барацьбы з кожным грахом і злом. Таксама на Імшы было здзейснена ўрачыстае благаслаўленне фігуры Маці Божай, прынесенай у дар членамі малітоўнага руху “Маці ў малітве”, якія на працягу некалькіх дзён знаходзіліся ў Навагрудку на з’ездзе і рэкалекцыях сваёй супольнасці.
Акрамя таго, у першы дзень святкавання адбылося ўзнагароджванне пераможцаў гістарычнай анлайн-віктарыны і конкурсу малюнка, у якіх удзельнічалі каля 70 дзяцей і падлеткаў з Навагрудка і Навагрудскага раёна. Тым, хто заняў першае, другое і трэцяе месцы, былі ўручаны памятныя падарункі, а ўсім іншым удзельнікам – памятныя сувеніры.
Вечарам адбыўся канцэрт дзіцячага хору і інструментальных калектываў з Навагрудскай школы мастацтваў.
29 верасня, у патранальную ўрачыстасць апекуна навагрудскага касцёла, 50 вернікаў з розных месцаў Беларусі на ранішняй святой Імшы прынялі шкаплер Арханёла Міхала – знак асаблівага заступніцтва Князя нябесных войскаў. Спевам Імшу ўпрыгожыў вакальна-інструментальны гурт “Рыбы”.
Апоўдні адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя, якую ўзначаліў а. Анатоль Ярошка OFMCap, дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У Імшы ўдзельнічала вялікая колькасць гасцей з усёй краіны, спевам яе ўпрыгожыў хор “Verum Cantus” з Мінска, які сёлета адзначае сваё 20-годдзе.
Пасля літургіі адбыліся ўрачыстая працэсія і цырымонія ўзнагароджвання сяброў парафіі і вернікаў, якія прымаюць актыўны ўдзел у яе жыцці, памятнымі знакамі і сувенірамі.
Завяршыўся апошні святочны дзень пазнавальнай экскурсіяй, у межах якой можна было азнаёміцца з экспазіцыяй па арганабудаванні і паслухаць у касцёле гістарычны арган.
Мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілею 400-годдзя касцёла Арханёла Міхала, будуць праходзіць на працягу ўсяго 2024 года.
Дамінік Запаснік, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Марына Валасар, Карына Вальшонак