У апошнюю нядзелю верасня па традыцыі адбылася першая ў новым навучальным годзе сустрэча душпастырства настаўнікаў гродзенскай парафіі Святога Духа. Сустрэча прайшла ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Капцёўцы (дэканат Гродна-Захад).
Настаўнікі пабывалі ў санктуарыі разам з пробашчам парафіі кс. канонікам Паўлам Салабудам.
У пачатку сустрэчы кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі распавёў удзельнікам сустрэчы гісторыю гэтай святыні і цудадзейнага абраза, які ў ёй знаходзіцца. Кусташ назваў санктуарый асаблівым месцам надзеі і даверу Маці Божай.
Галоўным пунктам сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў кс. Павел Салабуда, душпастыр настаўнікаў.
У гаміліі ксёндз Павел сказаў, што “кожны з нас сустракаецца ў жыцці з грахом, які адводзіць нас ад Бога”, а прысутнасць у такіх месцах, як санктуарыі, “асаблівым чынам дазваляе нам перамагчы грэх, адчуць любоў Маці Божай да кожнага з нас”. Таксама святар заахвоціў настаўнікаў імкнуцца ўносіць у сваё асяроддзе слова Хрыста, дадаўшы, што Ён заўсёды дапамагае ў жыцці.
Пасля Эўхарыстыі настаўнікі наведалі Узгорак надзеі, які знаходзіцца на тэрыторыі санктуарыя, а потым маглі падзяліцца за гарбатай досведам сваёй працы.
Душпастырства настаўнікаў існуе ў гэтай маладой гродзенскай парафіі трэці год, але, па словах ксяндза Паўла, гэта добрая магчымасць для настаўнікаў дзвюх школ, якія знаходзяцца на тэрыторыі парафіі, разам памаліцца, падзяліцца досведам і ўражаннямі ад працы.
Сустрэчы душпастырства праходзяць пры парафіі ў апошнюю нядзелю кожнага месяца. Удзельнікі запрашаюць і іншых настаўнікаў з усяго горада далучацца да іх.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі