Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі ад імя ККББ выказвае падзяку біскупу эмэрыту Аляксандру Кашкевічу за плённае пастырскае служэнне

stanevskij gor 130 верасня, калі Папа Францішак прыняў адмову ад пасады дыяцэзіяльнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе заслужанаму іерарху словы падзякі за плённае пастырскае служэнне.

Ваша Эксцэленцыя, паважаны біскуп Аляксандр,

Паведамленне Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі з інфармацыяй аб тым, што Святы Айцец Папа Францішак прыняў Вашу адмову ад пасады Дыяцэзіяльнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі ў сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту, згодна з нормамі Кананічнага права (гл. кан. 401–402) азначае, што першы Гродзенскі біскуп становіцца першым Гродзенскім біскупам эмэрытам.

Ваша Эксцэленцыя, быць першым заўсёды нялёгка і няпроста, таму ад свайго імя і ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі хачу падзякаваць Вам за шматгадовую працу, звязаную з пастырскай паслугай першага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі.

Калі Папа Ян Павел ІІ у буле Qui operam ад 13 красавіка 1991 года заснаваў новую дыяцэзію на Беларусі, было відавочна, што яе першым біскупам павінен быць чалавек глыбокай веры, палкага сэрца, невычэрпнай сілы і з душпастырскім бачаннем, дзякуючы якім з парафій, якія раней адміністрацыйна належалі да некалькіх дыяцэзій — Віленскай архідыяцэзіі, Пінскай дыяцэзіі і Ломжынскай дыяцэзіі, — можна будзе стварыць адзіную і інтэграваную супольнасць. Біскуп пачаў ствараць дыяцэзіяльныя структуры: заснаваў курыю, заснаваў дыяцэзіяльны Caritas, а таксама заснаваў святарскую раду, калегію дарадцаў, душпастырскую раду, катэдральны Капітул і іншыя ўстановы.

Клопатам Вашай Эксцэленцыі на працягу 33-х гадоў біскупскага служэння была Вышэйшая Духоўная Семінарыя ў Гродне, якая за гэтыя гады падрыхтавала да святарства больш за 200 святароў. Вы таксама разумелі патрэбу паглыблення тэалагічных ведаў свецкімі асобамі, таму заснавалі ў Гродне Тэалагічны каледж імя святога Казіміра.

Сёння, згодна са статыстычнымі дадзенымі за 2021 год, Гродзенская дыяцэзія налічвае 275 тыс. 550 вернікаў, якія належаць да 161 парафіі, 134 дыяцэзіяльных святары і 46 святароў манаскіх кангрэгацый і ордэнаў, каля 124 манаскіх сясцёр і манахаў братоў.

Немагчыма пералічыць іншыя справы і дасягненні, якія Вы як біскуп здзейснілі ў дыяцэзіі падчас свайго пастырскага служэння.

Вось толькі некаторыя з іх: распачаў працу першы дыяцэзіяльны сінод, з’явіліся будынак курыі, Дом міласэрнаці ў Сапоцкіне, адбылася рэстаўрацыя будынку Пабрыгіцкага кляштара ў Гродне, былі пабудаваныя дзясяткі новых святыняў.

Ваша Эксцэленцыя, у якасці біскупскага дэвізу Вы абралі словы Іesu in Te сonfido — «Езу, давяраю Табе» — словы, якія святая Фаўстына Кавальская падаравала свету падчас аб’яўленняў ёй Міласэрнага Езуса ў Вільні. Сёння дзякуем за ваш давер і сардэчнасць як пастыра і чалавека. Жадаем, каб і надалей Вы вялі актыўны дыялог з Панам, які няспынна яго з намі падтрымлівае.

Няхай наступныя гады вашага жыцця будуць пад чулай апекай Маці Божай Вастрабрамскай, а святы Аляксандр няхай дапамагае Вам у пераадоленні ўсіх цяжкасцяў.

З пашанай, Ваш брат у пастырскім служэнні

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

 Паводле Catholic.by