28 верасня ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) быў восьмы дзень Навэнны да Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных – малітоўнай падрыхтоўкі да каранавання цудадзейнага абраза Багародзіцы, які знаходзіцца ў санктуарыі.
Навэнна праходзіць па суботах на працягу дзевяці тыдняў, кожная з гэтых субот умоўна прызначана для наведвання санктуарыя вернікамі якогасьці з дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі, хоць наведваць яго могуць усе ахвотныя ў любы час.
Гэтая субота ўмоўна прызначалася для візіту вернікаў Смаргонскага дэканату.
Дэкан Смаргонскага дэканату кс. канонік Антон Казлоўскі ўзначаліў у санктуарыі святую Імшу. У гаміліі ён выказаў смелае меркаванне, што каранаванне абраза Багародзіцы, якая ў Барунах ушаноўваецца пад тытулам Суцяшальніцы засмучаных, – працяг спаўнення атрыманага фацімскімі пастушкамі паслання аб навяртанні Усходу. Пачатак гэтаму быў пакладзены 26 ліпеня 1995 года, калі тры біскупы і больш за 40 прэзбітэраў (16 з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі, 6 з Гродзенскай дыяцэзіі, 20 з Казахстана і Украіны) правялі некалькі дзён у Фаціме. Тады кардынал Казімір Свёнтэк, тагачасны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, сустрэўся з сястрой Люцыяй – адной з тых, каму раней аб’яўлялася ў Фаціме Маці Божая.
Такім чынам, ксёндз Антон Казлоўскі назваў ускладанне на цудадзейны барунскі абраз папскіх карон пацвярджэннем таго, што Божая ласка сыходзіць на тых, хто з моцнай верай звяртаецца да Суцяшальніцы засмучаных. Святар дадаў, што іх просьбы Яна нясе да трону свайго Сына і гэтыя просьбы выслухоўваюцца, у тым ліку цудоўным спосабам.
Каранаванне абраза, якое стане кульмінацыяй навэнны, адбудзецца ў Барунах 12 кастрычніка на ўрачыстай Эўхарыстыі, пачатак якой а 12-й гадзіне. Кусташ санктуарыя кс. Павел Паўлюкевіч запрашае ўсіх ахвотных на гэтую падзею.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: кс. Артур Ляшнеўскі SDB