Біскуп Уладзімір Гуляй нарадзіўся 14 чэрвеня 1975 г. у Ваўкавыску, другое дзіця ў сям’і Юрыя Гуляя і Марыі Гуляй (Невалеўскай). Быў ахрышчаны ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Росі (Ваўкавыскі дэканат).
Пасля заканчэння ў 1992 г. сярэдняй школы паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, дзе да 1998 г. вывучаў філасофію і тэалогію.
29 верасня 1997 г. прыняў дыяканскае пасвячэнне, 26 чэрвеня 1999 г. – прэзбітэрскае, удзеленае ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне першым біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.
Атрымаўшы ў Люблінскім каталіцкім універсітэце ступень магістра тэалогіі, у 1998-2001 гг. вучыўся там жа ў дактарантуры (спецыялізацыя “дагматычная тэалогія”), у 2000 г. абараніў ліцэнцыят, у 2011 г. – дактарат.
У 2000-2001 гг. ажыццяўляў душпастырскую працу ў якасці вікарыя ў катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. З 2000 г. выконваў функцыі дыяцэзіяльнага душпастыра моладзі.
У 2001 г. прызначаны прэфектам і выкладчыкам дагматычнай тэалогіі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. На працягу доўгага часу быў выкладчыкам тэалогіі ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне, а таксама на “Курсах сямейнага жыцця” пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
У 2003 г. прызначаны пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.
У 2006 г. прызначаны біскупскім вікарыем па справах агульнага душпастырства Лідскага рэгіёну і членам святарскай рады.
У 2016 г. прызначаны грэміяльным канонікам капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра ў Гродне, выконваў функцыі дыяцэзіяльнага цэнзара.
У 2018 г. уключаны ў калегію кансультантаў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама прызначаны старшынёй Сінадальнай камісіі па справах экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу Гродзенскай дыяцэзіі.
5 красавіка 2024 г. Папа Францішак прызначыў яго біскупам-каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі.
25 мая 2024 г. у гродзенскай катэдры прыняў біскупскае пасвячэнне, удзеленае арцыбіскупам Антэ Ёзічам, Апостальскім нунцыем у Рэспубліцы Беларусь.
30 верасня 2024 г. Папа Францішак прызначыў яго біскупам Гродзенскім на месца біскупа Аляксандра Кашкевіча, які кіраваў дыяцэзіяй з моманту яе заснавання ў 1991 г.