Шаноўныя браты ў Хрыстовым святарстве,
Паважаныя кансэкраваныя асобы,
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі,
З удзячнасцю Богу паведамляю, што сёння Святы Айцец Францішак праз пасрэдніцтва Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі публічна абвясціў, што прыняў маю просьбу аб звальненні з пасады біскупа Гродзенскага і выхадзе на пенсію, у сувязі з дасягненнем 75-годдзя, згодна з кан. 401 § 1 Кодэкса кананічнага права.
Новым біскупам Гродзенскім Святы Айцец Францішак прызначыў Яго Эксцэленцыю біскупа Уладзіміра Гуляя, да гэтага часу каад’ютара нашай дыяцэзіі.
Заканчваючы сваё больш чым 33-гадовае пастырскае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі, дзякую Пану Богу за тое, што ў сваім Провідзе вёў мяне ўвесь гэты час, шчодра адорваючы благаслаўленнем і ўсімі патрэбнымі ласкамі. Няхай будзе хвала Богу за ўсё дабро, якое праз маё служэнне атрымаў Касцёл на Гродзеншчыне.
Дзякую Святому Айцу Францішку, як і яго папярэднікам на Пятровым пасадзе – св. Яну Паўлу ІІ і Бэнэдыкту XVI – за падтрымку, духоўную блізкасць і айцоўскі клопат, якія дадавалі мне сіл і адвагі ў складанасцях пастырскага служэння.
Дзякую святарам, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам дыяцэзіі за павагу і паслухмянасць, якія мне аказвалі, за прыязнае і руплівае супрацоўніцтва, а асабліва за дар малітвы, моц якой я адчуваў кожны дзень.
Прашу прабачэння ва ўсіх, хто калісьці мог адчуць сябе пакрыўджаным маім словам, учынкам ці прынятым рашэннем. Запэўніваю, што прычыніць камусьці непрыемнасць ніколі не было маім намерам.
Запэўніваю ўсіх, што буду падтрымліваць малітвай новага пастыра Гродзенскай дыяцэзіі і ўсю супольнасць нашага мясцовага Касцёла.
Прашу ўсіх вернікаў дыяцэзіі атуліць малітвай і сыноўскай павагай Яго Эксцэленцыю біскупа Уладзіміра і рупліва супрацоўнічаць з ім дзеля дабра Касцёла на Гродзеншчыне, а таксама паведамляю, што ўрачысты інгрэс новага біскупа на гродзенскую катэдру адбудзецца ў суботу 26 кастрычніка 2024 г. у 12.00, і сардэчна на яго запрашаю.
З Хрыстовым благаслаўленнем
і памяццю ў малітве
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп эмерыт Гродзенскай дыяцэзіі
Тэкст Паведамлення для друку ТУТ>>>
Тэкст Паведамлення па-польску ТУТ>>>