Skip to main content

У Астраўцы адзначылі з удзелам біскупаў парафіяльную ўрачыстасць у гонар святых Космы і Дам’яна

astrawec uroczystosc 926 верасня парафія святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы адзначыла ўрачыстасць у гонар сваіх нябесных заступнікаў.

Гэтая парафія – адзіная ў Беларусі пад тытулам святых мучанікаў Космы і Дам’яна.

Святкаванне пачалося ў вігілію ўрачыстасці, 25 верасня, з вечаровай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. У цішыні прабываючы з Богам, прысутныя мелі магчымастць паглыбіць адносіны з Ім. Пасля адарацыі адбылася працэсія з абразом святых Космы і Дам’яна, у якой вернікі неслі запаленыя свечкі.

Затым распачалася вігілійная Імша, якую ўзначаліў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Прысутнічалі святары, якія паходзяць з астравецкай парафіі, запрошаныя яе пробашчам кс. канонікам Юзафам Багдзевічам. У гаміліі біскуп заахвоціў заўсёды памятаць пра ахвярнае служэнне святых Космы і Дам’яна і браць з іх прыклад, а таксама працягваць наследаваць Хрыста і слухаць Яго голас.

26 верасня быў апошні дзень саракагадзіннага набажэнства, на працягу ўсяго дня здзяйснялася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. У ёй удзельнічалі найперш прадстаўнікі парафіяльных супольнасцяў і ружанцовых колаў, якія змяняліся на малітве кожную гадзіну.

Увечары адбылася галоўная святая Імша, якую ўзначаліў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. На ёй прысутнічалі святары, якія калісьці працавалі ў Астраўцы, духавенства Астравецкага і іншых дэканатаў, шмат вернікаў з Астраўца і з іншых месцаў.

astrawec uroczystosc 4

У гаміліі біскуп звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што любоў да бліжняга з’яўляецца неад’емнай часткай хрысціянскага жыцця.

Літургія завяршылася працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол касцёла і спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, с. Ірына, Яна Алёкса, Анастасія Дудко