Skip to main content

У Абухаве біскуп Гродзенскі благаславіў крыж для вежы будучага касцёла

abuhawa 1328 верасня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі ў Абухаве недалёка ад Гродна (дэканат Гродна-Усход).

У гэты дзень адзначалася 16-годдзе з часу беатыфікацыі Міхала Сапоцькі, прэзбітэра, таму парафія святкавала ўрачыстасць. На ёй сабраліся шматлікія ўдзельнікі – парафіяне, мясцовыя праваслаўныя вернікі на чале са сваім настаяцелем протаіерэем Ігарам Волкавым і госці, у тым ліку духавенства і прадстаўнікі мясцовай улады.

У парафіі будуецца касцёл. У пачатку ўрачыстасці біскуп благаславіў крыж, які затым будаўнікі ўсталявалі на вежы.

Пробашч кс. Міхал Васількевіч, вітаючы прысутных, назваў гэтую ўрачыстасць важнай і непаўторнай для парафіі падзеяй і доказам таго, што Бог выбраў гэтае месца і нястомна благаслаўляе вернікаў у будаўніцтве святыні, а таксама будаўніцтве духоўнага Касцёла, які складаецца з іх саміх.

Святая Імша цэлебравалася ў будучым касцёле. Біскуп Гродзенскі, які яе ўзначаліў, маліўся за ўсіх, хто ўваходзіць у гэтую парафіяльную сям’ю і хто падтрымлівае будаўніцтва.

abuhawa 7

У гаміліі пробашч парафіі Хрыста Валадара Сусвету ў Азёрах а. Томаш Ксянжкевіч CMF засяродзіў увагу на асобе бл. Міхала Сапоцькi, святара, вернага пасланню Божай Міласэрнасці, якога сам Езус назваў “верным слугой”.

У канцы літургіі парафіяне падзякавалі біскупу за візіт і пастаянную апеку над іх супольнасцю.

Пробашч падзякаваў ахвярадаўцам і сваім ахвярным вернікам, а таксама выказаў спадзяванне, што з Божай дапамогай касцёл праз год будзе пабудаваны і асвячаны. Між іншым, у наступным годзе будзе адзначацца 50-годдзе з часу смерці Міхала Сапоцькі.

abuhawa 18

Біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў парафіянам, каб яны, падтрыманыя Божай ласкай і акружаныя добрымі людзьмі, маглі завяршыць будаўніцтва касцёла. Па яго словах, хоць яно звязана з цяжкай працай і ахвярай, гэтыя намаганні прыносяць вельмі вялікую радасць і задавальненне. Таму іерарх заахвоціў вернікаў падтрымаць будаўніцтва працай, ахвярай і малітвай, дадаўшы, што гэта будзе цудоўнай памяццю, якая застанецца для наступных пакаленняў.

Парафія бл. Міхала Сапоцькі была заснавана ў 2019 г. У красавіку 2023 г. біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў фундамент будучага касцёла і ўмураваў у яго два вуглавых каменя. Камяні былі прывезены з радзімы Міхала Сапоцькі – вёскі Навасады Валожынскага раёна: адзін – з дома, дзе ён нарадзіўся, другі – з прыступак касцёла, дзе ён быў ахрышчаны.

Каталіцкая святыня ўзводзіцца каля трасы, якая злучае Гродна з Мінскам, недалёка ад праваслаўнай царквы ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: кс. Юрый Марціновіч