Skip to main content

Канферэнцыя ў Гродне на тэму новай евангелізацыі: “У супольнасці Касцёла мы маем розныя, але аднолькава важныя задачы”

konferencja start 13Раніцай 28 верасня ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адкрылася навуковая канферэнцыя “Новая евангелізацыя ў кантэксце дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі”.

Канферэнцыю арганізавалі з нагоды пастырскага Года свецкіх і Сіноду біскупаў, прысвечанага сінадальнасці. Яе тэмай стала новая евангелізацыя ў кантэксце сінадальнасці і роля свецкіх людзей у Касцёле.

У семінарыйнай зале св. Яна Паўла ІІ сабраліся шматлікія слухачы: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, прэзбітэры, кансэкраваныя асобы, свецкія катэхеты, студэнты гродзенскай семінарыі і навучэнцы гродзенскага Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра са сваім кіраўніцтвам.

Дакладчыкамі сталі прадстаўнікі ўсіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі.

konferencja start 5

Прысутных прывітаў мадэратар канферэнцыі кс. канонік Антоній Грэмза.

Першым выступіў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч – адказны за арганізацыю і правядзенне гэтага мерапрыемства.

Ва ўступным слове ён падкрэсліў, што Касцёл на Беларусі стараецца ісці нага ў нагу з Паўсюдным Касцёлам, таму другі год запар арганізуе адмысловыя канферэнцыі на тэму сінадальнасці. Гэтым разам увага канцэнтруецца на значэнні рухаў і харызмаў у евангелізацыі.

“Евангелле нязменнае, але зменлівыя выклікі часу патрабуюць новага падыходу да евангелізацыі, каб яна дайшла да сучаснага чалавека, асабліва да выхаванага на Інтэрнэце і сацыяльных сетках пакалення Z, якое нарадзілася ў 1995-2010 гадах, – адзначыў іерарх. – Другі Ватыканскі Сабор заклікае свецкіх людзей да больш актыўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла, бо яны таксама адказныя за яго і не могуць заставацца пасіўнымі перад праблемамі, з якімі ён сустракаецца”.

Арцыбіскуп нагадаў, што “апостал Павел параўноўвае Касцёл да Цела Хрыста: як цела чалавека складаецца са шматлікіх членаў, якія выконваюць розныя функцыі, так і мы складаем адно цела ў Хрысце і выконваем у ім розныя функцыі”, і што “ў Касцёле патрэбны як духоўныя, так і свецкія асобы, яны ідуць па жыцці рознымі шляхам, бо іх пакліканне рознае, але мэта адна – збаўленне чалавека”.

Па словах іерарха, таксама і Сабор звяртае ўвагу “на неабходнасць большага выкарыстання ў пастырскай дзейнасці розных рухаў і харызмаў з мэтай надаць ёй большы дынамізм”, “для чаго Дух Святы ўдзяляе вернікам спецыяльныя дары – харызмы, з прыняцця якіх нараджаецца права і абавязак веруючых выкарыстоўваць іх у Касцёле”. Арцыбіскуп дадаў, што паводле Яна Паўла ІІ “багатая рэчаіснасць Касцёла знаходзіць праяўленне ў разнастайным ладзе жыцця вернікаў згодна з рознымі іх пакліканнямі”.

Арцыбіскуп адзначыў, што, паколькі “свет развіваецца і ставіць свае праблемы”, неабходна “дзейнічаць з мэтай удасканальвання працэсу евангелізацыі”, і назваў дапамогай у гэтым харызмы і рухі. Іерарх дадаў, што яны вядомыя з першых стагоддзяў і заўсёды адыгрывалі вялікую ролю ў жыцці Касцёла, бо дзейнічаюць пад уплывам Духа Святога.

konferencja start 7

Ён нагадаў, што пасля атрымання свабоды веравызнання ў канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў з падполля выйшлі розныя малітоўныя групы, напрыклад, “Жывы Ружанец”, францішканскія і дамініканскія тэрцыярыі, пачалі з’яўляцца новыя рухі і харызматычныя групы, “якія сталі евангельскай закваскай нашых часоў”. Па словах арцыбіскупа, іх выкарыстанне “павінна быць даcтасавана да беларускай культуры і традыцый, таму вельмі карыснай з’яўляецца думка Папы Францішка, што Евангелле павінна быць інкультуравана, а культура – евангелізавана”.

“Слова “харызма” паходзіць ад старагрэцкага “charis”, што можна перакласці як “ласка, зычлівасць, прыгажосць”. У хрысціянскай традыцыі харызмы звязваюцца з Духам Святым, які ўзбагачае імі Касцёл. Дух Святы з’яўляецца не толькі Богам над намі і з намі, але і Богам, які дзейнічае ў нас. Апостал Павел вяршыняй духоўных дароў лічыць прароцтвы. А Папа Ян Павел ІІ вучыць, што харызмы ўносяць уклад у будаванне Касцёла на карысць чалавецтва і свету. Харызматычныя супольнасці кіруюцца прынцыпам, што Дух Святы ўдзяляе ім тыя ж дары, як у апостальскія часы.

Аднак, як паказвае жыццё, іх прысутнасць і дзейнасць нярэдка выклікаюць неразуменне, уносяць трывогу і збянтэжанасць у жыццё вернікаў. Таму, як кажа Ян Павел ІІ, ніякая харызма не вызваляецца ад неабходнасці развіцця адносін з біскупамі і паслухмянасці ім, каб своечасова вырашаць непаразуменні і сумесна дзейнічаць у справе евангелізацыі.

У гэтым сэнсе карысна прыслухацца да слоў Папы Францішка, што калі Дух Святы нас вядзе сваімі шляхамі, то багацце і разнастайнасць харызмаў не выклікаюць канфліктаў. Дух Святы прыпамінае нам, што мы, будучы рознымі, з’яўляемся роўнымі ў Божай любові. А калі роўнымі, то павінны з любоўю адносіцца да выкарыстання розных харызмаў і несці роўную адказнасць за лёсы Касцёла і евангелізацыю”, – патлумачыў арцыбіскуп.

Ён заўважыў, што “Святое Пісанне прадстаўляе Касцёл як човен Пятра, капітан якога – Езус Хрыстус, а члены каманды – духоўныя і свецкія асобы, таму мы павінны жыць ва ўсведамленні таго, што знаходзімся ў адным чаўне і ствараем адно Цела, якім з’яўляецца Касцёл”. “Хаця нас аб’ядноўвае адзіны шлях, у супольнасці Касцёла мы маем розныя, але адначасова аднолькава важныя задачы, – падкрэсліў арцыбіскуп. – Святар не можа замяніць свецкага чалавека, а свецкі – святара. Кожны мае сваё месца ў Касцёле і кожны павінен выконваць вызначаную яму Божым Провідам задачу. Для гэтага неабходна ісці разам. Гэта і ёсць сінадальнасць. Слова “Сінод” мае грэцкае паходжанне і азначае “супольны шлях” – у нашым выпадку шлях духоўных і свецкіх асобаў”.

Іерарх выказаў спадзяванне, што гэтая канферэнцыя “дапаможа лепей распазнаць дар розных харызмаў і рухаў у хрысціянскіх супольнасцях, адкрыць багацце іх разнастайнасці ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі і ажывіць працэс евангелізацыі”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: кс. Юрый Марціновіч