У санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) праходзіць Навэнна да Маці Божай Барунскай – малітоўная падрыхтоўка да каранавання цудадзейнага абраза Багародзіцы, якая ў санктуарыі ўшаноўваецца пад тытулам Суцяшальніцы засмучаных.
У межах навэнны, якая адбываецца па суботах на працягу дзевяці тыдняў, санктуарый наведваюць, каб памаліцца і даручыць Маці Божай Барунскай свае просьбы, вернікі з розных дэканатаў дыяцэзіі.
21 верасня ў санктуарый прыбылі вернікі Іўеўскага дэканату на чале са сваімі душпастырамі. Пілігрымы памаліліся перад цудадзейным абразом і ўзялі ўдзел у святой Імшы.
Каранаванне абраза адбудзецца 12 кастрычніка на ўрачыстай Эўхарыстыі, пачатак якой а 12-й гадзіне. Каранаванне будзе знакам падзякі за апеку, няспынную дапамогу Маці Божай і незлічоныя ласкі, якія людзі атрымліваюць, з верай прыходзячы да Яе, ужо больш за тры стагоддзі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі