Skip to main content

Пад Навагрудкам аднавілі 200-гадовую радавую капліцу

kaplica 2121 верасня адбылася ўрачыстая святая Імша падзякі Богу за магчымасць аднаўлення радавой капліцы Абламовічаў на Слабодскіх могілках у аграгарадку Гарадзечна.

Капліца была заснавана ў 1824 годзе, пра што гаворыць каменная дошка пры ўваходзе ў яе. Такім чынам, сёлета адзначаецца яе 200-гадовы юбілей. Капліца была адноўлена намаганнямі навагрудскай парафіі св. Арханёла Міхала. Быў заменены яе дах, адноўлены фасад і нутро.

kaplica 6

Імшу падзякі ўзначаліў дырэктар Пастырскага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Віталь Дабраловіч. У гаміліі святар засяродзіў увагу на тым, як важна верна трываць у Божым Слове, нягледзячы ні на якія цяжкасці і праблемы, і прывёў у якасці прыкладу досвед уласнага жыцця. Кажучы пра радавую капліцу, ксёндз Віталій адзначыў, што яе аднаўленне і цяперашні добры стан сведчаць пра пачуццё адказнасці людзей, якое чэрпае сілу з веры.

На малітоўным святкаванні прысутнічалі вернікі каталіцкай і праваслаўнай канфесій з Гарадзечна, Навагрудка, Гродна і Мінска.

Аднаўленне капліцы прымеркавана да юбілею 400-годдзя навагрудскага касцёла Арханёла Міхала, які будзе адзначацца 28-29 верасня.

Дамінік Запаснік, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі