14 верасня ў гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі касцёл, дэканат Гродна-Захад) адбылася адпустовая ўрачыстасць. У гэты дзень адзначалася свята Узвышэння Святога Крыжа.
Святую Імшу ў найстарэйшым касцёле горада над Нёманам узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Яна цэлебравалася ў інтэнцыі парафіяльнай супольнасці. На літургіі сабраліся шматлікія парафіяне, госці, студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі.
У гаміліі кс. Павел Урбан, пробашч парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы (дэканат Гродна-Усход), засяродзіў увагу на таямніцы крыжа. Святар адзначыў, што гэтая таямніца ўпісана ў жыццё кожнага чалавека і што крыж Езуса з’яўляецца для хрысціян знакам любові і збаўлення.
У канцы ўрачыстасці кс. канонік Ян Пузына, які ўпершыню ўдзельнічаў у ёй у якасці пробашча гэтай гродзенскай парафіі, падзякаваў усім прысутным за супольную малітву. Святкаванне завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі