Skip to main content

Біскуп Кашкевіч наведаў парафію ў Перстуні і благаславіў новы крыж

perstun13 верасня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Перстуні (Сапоцкінскі дэканат).

Перад святой Імшой іерарх здзейсніў благаслаўленне новага крыжа ў Рацічах, усталяванага дзякуючы ахвяраванням парафіян.

Эўхарыстыю біскуп цэлебраваў у інтэнцыі парафіяльнай супольнасці на чале з яе пробашчам кс. Паўлам Гедройцем.

Паколькі літургія цэлебравалася ў вігілію свята Узвышэння Святога Крыжа, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне засяродзіў у гаміліі ўвагу на таямніцы адкуплення чалавека, здзейсненай на дрэве крыжа.

Біскуп заахвоціў “нанова пачуць тое, што крыж Хрыста кажа нам тут і цяпер, у нашай рэчаіснасці дваццаць першага стагоддзя”.

“Дзякуючы таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста крыж, які калісьці быў жудаснай прыладай катаванняў і сімвалам ганьбы, стаў знакам найвялікшай любові, прабачэння, міру і паяднання”, – сказаў іерарх.

Біскуп заклікаў дзякаваць Пану Езусу за Яго найцудоўнейшы дар – адкупленне ўсяго чалавецтва, – за дар Божай міласэрнасці і прабачэння, дар веры. Іерарх дадаў, што вера дапамагае бачыць у знаку Хрыстовага крыжа прыладу Божага збаўлення.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі