Skip to main content

Устанаўленне сакраманту Эўхарыстыі: адбылася св. Імша Вячэры Пана ў катэдры

Св. Імша Вячэры Пана была адпраўлена ўчора ўвечары ў гродзенскай катэдры. Распачаўся святы Пасхальны Трыдуум. Апошні раз падчас гімна “Хвала на вышынях Богу” зазванілі званкі, якія да Пасхальнай Вігіліі заменяць драўляныя ляскоткі. Сціхнуў арган. Найсвяцейшы Сакрамант быў перанесены ў цямніцу, якая зроблены ў катэдры ў каплічцы Маці Божай Кангрэгацкай.


Перад пачаткам св. Імшы маленькія вернікі, удзельнікі кола Адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту і Малітоўнай групы Маці Божай Кангрэгацкай павіншавалі ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча, пробашча катэдры ксяндза Яна Кучынскага і прысутных святароў з урачыстасцю, калі ў гэты дзень, Вялікі чацвер, Езус Хрыстус усталяваў сакраманты Эўхарыстыі і святарства. Для кожнага святара гэты дзень асаблівы.

Гамілію прамовіў кс. Павел Салабуда, распачаўшы казанне ад некалькіх цудоўных сведчанняў, калі вернікі ў розныя часы і ў розных мясцовасцях бачылі цуды, звязаныя з Эўхарыстыяй. Хоць цуда перамянення, цуда прысутнасці Бога мы робімся сведкамі кожны раз, калі ўдзельнічаем у св. Імшы, калі атрымліваем св. Камунію. У сваім казанні казнадзей засцерагае вернікаў ад духоўнай рутыны, калі нам часам падаецца, што Пасхальны Трыдуум, Вялікдзень штогод такія самыя. Насамрэч для кожнага верніка кожная сустрэча з уваскрослым Хрыстом іншая, выключная, таму што яна тычыцца сустрэчы з жывым Богам. Калі бачыць у святах толькі абрадавы бок, то яны сапраўды могуць стаць аднолькавымі. Але шчырае запрашэнне ў сваё сэрца жывога Бога ніколі не будзе рутынай, якая паўтараецца аднолькава штогод.

Я мушу сябе спытаць, працягваў казнадзей, калі Эўхарыстыя гэта мыццё ног і Новая Запаведзь, то ці з’яўляецца Эўхарыстыя для мяне толькі самым высакародным і ўзнёслым творам, найбольш падрыхтаваным жэстам пашаны да Бога, у якім я падсумоўваю ўсё маё жыццё, у якім я аддаю Богу самае лепшае, што ёсць ува мне? Гэта важна, але калі Эўхарыстыя з’яўляецца мыццём ног і Новай Запаведдзю, то гэта найперш жэст Хрыста, жэст адносна мяне, і толькі потым мой жэст. У такім выпадку Эўхарыстыя дадзена мне, каб ўсё найгоршае ўва мне выправіць. Кожны раз, калі я бачу, што Бог дае мне жыццё да такой ступені, што сам памірае, то гэта і для мяне запрашэнне памерці самому для іншага. Я ніколі не зразумею тых далёкіх падзеяў, якія кожны раз і сёння адбываюцца пры алтары, калі сам не пачну даваць.

Напрыканцы св. Імшы Найсвяцейшы Сакрамант быў перанесены да цямніцы, дзе трывала Адарацыя.