Skip to main content

“Эўхарыстыя – крыніца жыцця”: “Канікулы з Богам” прайшлі ў смаргонскай парафіі

ksb smorgon 5У парафіі св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні за тыдзень да пачатку навучальнага года звычайна арганізуецца адпачынак для дзяцей і моладзі “Канікулы з Богам”. Адбыўся ён і сёлета.

Канікулы былі прысвечаны тэме “Эўхарыстыя – крыніца жыцця”.

Кожны дзень распачынаўся святой Імшой, на якой пробашч кс. Яўген Учкуроніс разважаў пра Эўхарыстыю. Гэтую тэму развівалі і на міні-катэхезах, яна праходзіла і праз творчасць дзяцей, якія малявалі плакаты, такім чынам прэзентуючы свае групы, і ладзілі тэатралізаваныя прадстаўленні.

На канікулах парафію наведалі прадстаўнікі Раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны прыгадалі дзецям правілы бяспечных паводзін у розных сітуацыях і павесялілі іх у самы гарачы дзень воднымі працэдурамі.

ksb smorgon 9

Таксама былі запрошаны рамеснікі – кераміст і майстры па працы з саломкай і выцінанкай. У тэхніцы выцінанкі дзеці сумесна зрабілі анёла.

У межах канікул удзельнікі наведалі санктуарый Маці Божай Гудагайскай. Яны маліліся, адпачывалі, гулялі, танцавалі, частаваліся барбэкю. Акрамя таго, яны пабывалі ў аграсядзібе “Мара дзяцінства” ў Маладзечанскім раёне. Там дзеці, моладзь і аніматары мелі магчымасць пакатацца на конях і поні верхам і ў брычцы, пабачыць вярблюда і іншых жывёл.

Канікулы, як заўсёды, завяршыліся святой Імшой. На ёй удзельнікі маглі падзякаваць Пану Богу за дар адпачынку з Ім і дар адкрытых людзей, якіх яны сустрэлі і якія прычыніліся да арганізацыі і правядзення канікул.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі