Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!
Як і кожны год, у верасні мы з радасцю можам заўважыць, як вакол нас пасля перыяду канікул зноў ажываюць школы і гімназіі, ліцэі і каледжы, інстытуты і ўніверсітэты. Дзеці і моладзь, а разам з імі і настаўнікі, выкладчыкі і выхаваўцы, распачынаюць новы навучальны год. Перад малодшымі вернікамі нашай дыяцэзіі чарговы год намаганняў, самадысцыпліны і старання, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай здабыцця і памнажэння ведаў. Перад настаўнікамі, выкладчыкамі і выхаваўцамі – год напружанай і вельмі адказнай працы над выхаваннем розуму і сэрцаў маладога пакалення. Новы навучальны год – гэта таксама сур’ёзны выклік для бацькоў, бо без іх асабістага ўдзелу, клопату і ўсебаковай дапамогі цяжка ўявіць плённы працэс адукацыі дзяцей і моладзі.
Сёння, на парозе чарговага навучальнага года, паглядзім у будучыню з верай і надзеяй. Даручым Божаму Провіду ўсіх вучняў і студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў, бацькоў і выхаваўцаў. З верай і пакорай папросім заступніцтва св. Станіслава Косткі, апекуна дзяцей і моладзі, каб у гэты асаблівы час ён прасіў у Пана Бога ласкі і дары, патрэбныя для ўсіх, хто здабывае і перадае веды.
Хачу таксама нагадаць вам, дарагія бацькі, што бацькоўскія абавязкі адносна вашых дзяцей не абмяжоўваюцца клопатам аб здабыцці імі ведаў і набыцці іншых практычных навыкаў. Інтэлектуальнае развіццё дзяцей не можа быць адарвана ад фармавання іх сэрцаў паводле пэўных маральных, этычных, рэлігійных правіл, значыць ад усяго таго, што мы акрэсліваем шырокім паняццем выхавання. Выхаванне дзяцей – ваша задача і прывілея, і ніякая іншая асоба ці арганізацыя не можа вас у гэтым ганаровым абавязку паспяхова замяніць.
Як хрысціянскія бацькі, вы, просячы аб сакрамэнце святога хросту для сваіх дзяцей, абавязаліся перад Богам і супольнасцю Касцёла выхоўваць іх у духу веры. Гэтае бацькоўскае выхаванне ў веры мае свой пачатак у раннім дзяцінстве, калі ў сям’і пануе атмасфера ўзаемнай любові, павагі, згоды і маральнага ладу. У працэсе сямейнага выхавання найбольшы ўплыў на сэрцы дзяцей і моладзі мае асабісты прыклад бацькоў. Назіранне за тым, як тата і мама разам кленчаць на малітве, супольны ўдзел у нядзельнай святой Імшы, рэгулярнае прыняцце святых сакрамэнтаў, супольнае абмеркаванне ў сям’і спраў, звязаных з верай і хрысціянскім жыццём, кажуць дзіцяці больш і пакідаюць у яго душы значна глыбейшы след, чым самыя мудрыя заахвочванні ці самыя рашучыя наказы ці забароны з боку бацькоў, не падмацаваныя іх уласным прыкладам.
У гэтым месцы хачу ад усяго сэрца падзякаваць вам, умілаваныя бацькі, за працу выхавання вашых дзяцей у веры і за тое, што кожны дзень стараецеся даваць ім асабістае сведчанне хрысціянскага жыцця. Усе мы ведаем, якая цяжкая і патрабавальная гэтая задача, якая вялікая маральная адказнасць ляжыць на вас. Запэўніваю вас, што ў рэалізацыі сваіх бацькоўскіх задач вы не самотныя. Усе мы, хто ўтварае супольнасць Касцёла, падтрымліваем вас малітвай і просім для вас святла Духа Святога, дару мудрасці і разважлівасці, моцы веры, надзеі і любові, каб вы былі для сваіх дзяцей надзейнымі праваднікамі ў дарозе да Бога.
Таксама нагадваю вам, дарагія бацькі, што так званая “сямейная катэхізацыя”, якая адбываецца штодзень у коле самых блізкіх людзей, ва ўтульнасці і цяпле роднага дома, не выключае і не замяняе катэхізацыі сістэматычнай, арганізаванай у парафіях. Парафіяльная катэхізацыя – гэта свайго кшталту дапаўненне і паглыбленне працэсу перадачы веры, які мае месца ў хрысціянскай сям’і. Гэтая катэхізацыя вядзецца ўпаўнаважанымі для гэтага катэхетамі паводле спецыяльна распрацаваных праграм, прыстасаваных да ўзросту вучняў так, каб пазнаёміць іх з найважнейшымі праўдамі веры, аб’яўленымі ў Божым слове, і прывесці іх да асабістай глыбокай блізкасці з Хрыстом. Не будзем забываць, што хрысціянскія бацькі маюць маральны абавязак паклапаціцца аб тым, каб іх дзеці наведвалі ўрокі рэлігіі, арганізаваныя пры парафіях, на працягу ўсяго часу іх вучобы ў школе.
На жаль, у нашым грамадстве ўсё яшчэ пануе памылковае перакананне, што катэхізацыю можна скончыць тады, калі дзіця прыступае да першай споведзі і святой Камуніі. Пры гэтым забываюць, што дзіця па меры ўзрастання і інтэлектуальнага, псіхічнага і грамадскага развіцця сутыкаецца з усё больш складанымі пытаннямі духоўнай і маральнай прыроды, яго вера ставіцца на ўсё больш цяжкія выпрабаванні, а жыццё ставіць перад ім усё больш сур’ёзныя выклікі. У духоўных змаганнях дарослага чалавека веданне найпрасцейшых малітваў і некалькіх асноўных праўдаў з катэхізісу можа аказацца недастатковым. Толькі моцная і свядомая вера, заснаваная на трывалым фундаменце Божага слова, і глыбокае жыццё малітвы робяць чалавека ўстойлівым перад усялякага кшталту духоўнымі крызісамі. Таму ўчынім жа ўсё, што ў нашых сілах, каб па меры ўзрастання дзяцей і моладзі іх вера таксама рабілася больш сталай і свядомай.
Словы глыбокай удзячнасці хачу выказаць таксама вам, дарагія святары, кансэкраваныя асобы і свецкія катэхеты. Дзякую за працу перадачы маладому пакаленню паслання збаўлення, якую вы ажыццяўляеце кожны дзень, за ваша асабістае сведчанне веры, за імкненне пастаянна ўдасканальваць уласныя ўменні і паглыбляць веды, каб Божае слова яшчэ больш паспяхова дасягала розуму і сэрцаў вашых вучняў і выхаванцаў. Няхай іх штодзённае жыццё, згоднае з Хрыстовым Евангеллем, будзе для вас найлепшай узнагародай і крыніцай найбольшага асабістага задавальнення.
Тыя ж вернікі, якія хацелі б атрымаць кваліфікацыю для катэхізацыі дзяцей і моладзі і прысвяціць сябе гэтай высакароднай задачы ці проста хацелі б паглыбіць уласную веру і рэлігійныя веды, шчыра запрашаюцца ў Тэалагічны каледж імя св. Казіміра ў Гродне.
Свае найлепшыя пажаданні выказваю таксама вам, дарагія настаўнікі, выкладчыкі і выхаваўцы. Няхай Божае благаслаўленне спадарожнічае вам як у працы перадачы ведаў, так і ў справе выхавання маладога пакалення ў духу справядлівасці і праўды, павагі да ўніверсальных, вечных маральных і чалавечых каштоўнасцяў.
Дарагія дзеці і ўмілаваная моладзь! Жадаю вам шмат фізічных і духоўных сіл, трываласці і дбайнасці ў вучобе, святла Духа Святога ў здабыцці ведаў, а таксама шмат мудрасці і разважлівасці, каб вы як мага лепш выкарысталі час, які з’яўляецца адным з самых каштоўных Божых дароў. Будзьце паслухмянымі, руплівымі і стараннымі, шануйце бацькоў, катэхетаў, настаўнікаў і выхаваўцаў. Няхай вашы сэрцы будуць добрымі і простымі, заўсёды адкрытымі на Пана Бога, а Ён зробіць так, каб гэты навучальны і катэхетычны год быў паспяховым і плённым.
На заканчэнне хачу падзяліцца з вамі, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, радаснай інфармацыяй аб тым, што ў гэтым навучальным годзе ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне былі прыняты дзесяць кандыдатаў да святарства, у тым ліку дзевяць з нашай Гродзенскай дыяцэзіі. Я перакананы, што пакліканне да святарства нарадзілася ў сэрцах гэтых маладых людзей таксама дзякуючы вашым трывалым, поўным веры малітвам. Як пастыр дыяцэзіі дзякую вам за гэта і прашу не стамляцца і далей у тым, каб маліць нашага Пана Езуса Хрыста аб дары новых, шматлікіх і святых пакліканняў да святарства. Няхай наш Касцёл на Гродзеншчыне будзе пастаянна развівацца дзякуючы служэнню руплівых вестуноў Божага слова і верных распарадчыкаў святых сакрамэнтаў.
Усіх вас, дарагія браты і сёстры, асабліва бацькоў, настаўнікаў і выкладчыкаў, катэхетаў і выхаваўцаў, а таксама дзяцей і моладзь, на новы катэхетычны і навучальны год з усяго сэрца благаслаўляю і падтрымліваю вас сваёй малітвай.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 06.09.2024 № 01-02/85/24
Гэты Пастырскі Ліст трэба прачытаць ва ўсіх касцёлах і капліцах Гродзенскай дыяцэзіі у найбліжэйшую нядзелю пасля яго атрымання (8 або 15 верасня) замест нядзельнага казання падчас усіх Святых Імшаў