Skip to main content

Навучальны год у гродзенскай семінарыі распачаўся рэкалекцыямі

seminaria paczatak 9З 3 па 6 верасня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшлі рэкалекцыі. Гэтымі духоўнымі практыкаваннямі ў семінарыі распачаўся навучальны год.

Рэкалекцыі ўзначаліў а. Валерый Мазюк CSsR. Сваім святарскім досведам ён дзяліўся са студэнтамі семінарыі ўжо не першы раз.

Дні рэкалекцый сталі асаблівымі для падрыхтоўчага і шостага курсаў, бо адны распачынаюць духоўную фармацыю, а другім застаўся апошні год. На працягу гэтых дзён семінарысты бралі ўдзел у канферэнцыях, набажэнстве пакаяння, адарацыі і споведзі.

seminaria paczatak 10

Закраналіся розныя тэмы: Як быць вучнем Хрыста? Што значыць трываць у Хрысце? Якім павінен быць кандыдат да пасвячэння? Айцец Валерый распавёў некалькі гісторый са свайго навучання ў семінарыі і падкрэсліў тое, на што трэба звярнуць увагу будучаму святару.

Кожны з прысутных меў магчымасць падумаць над пытаннем, пастаўленым на пачатку рэкалекцыйных дзён: “Хто менавіта для мяне Хрыстус?” Рэкалекцыяніст назваў гэтае пытанне фундаментальным і дадаў, што, каб знайсці на яго адказ, “хтосьці разважае год, дзесяць гадоў альбо ўсё жыццё”.

Адным з галоўных момантаў духоўных практыкаванняў было набажэнства пакаяння, на якім семінарысты разважалі над прыпавесцю пра блуднага сына, які вяртаецца да айца. Гэта стала добрай падрыхтоўкай да сакрамэнту паяднання – сустрэчы ўдзельнікаў рэкалекцый з міласэрнай любоўю Айца.

Станіслаў Бервячонак, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі