Летні лагер “Канікулы з Богам” у парафіі св. Станіслава, біскупа і мучаніка, у Лядску (Шчучынскі дэканат) сёлета меў назву “Служба алтара”. На працягу ўсяго адпачынку дзеці вывучалі на катэхетычных занятках дзеянні, якія здзяйсняюцца на святой Імшы.
На канікулах сабраліся дзеці рознага ўзросту. Катэхетычныя заняткі праводзіў пробашч парафіі кс. Уладзімір Аксенцьеў.
У першую чаргу пробашч звярнуў увагу на такія часткі Імшы, як эўхарыстычная літургія і абрад Камуніі, каб дзеці зразумелі вялікую таямніцу, якая здзяйсняецца ў гэтыя моманты.
Пад кіраўніцтвам святара дзеці вучыліся падрыхтоўцы дароў на алтары і іншым літургічным абрадам у адпаведнасці з указаннямі Касцёла, даведаліся пра сэнс тых прадметаў, якія неабходныя для літургіі і маюць асаблівае значэнне, пазнаёміліся з кожным з іх. Святар імкнуўся растлумачыць дзецям, што, здзяйсняючы гэтыя дзеянні, яны служаць Богу, а таму павінны рабіць усё для таго, каб літургія была прыгожай.
Дзецям тлумачылася, што ад кожнага, хто здзяйсняе такое служэнне, патрабуюцца дакладнасць, акуратнасць, уважлівасць, паслухмянасць і пакора, а любыя “акцёрскія” памкненні трэба пакінуць за парогам святыні. Пробашч заахвоціў памятаць, што кожнае дзеянне таго, хто прыслугоўвае на Імшы, прыкметнае, і ў сувязі з гэтым распавёў, як паводзіць сябе правільна і прыгожа.
Пры алтары традыцыйна служаць хлопцы, але ў парафіі ў Лядску такое служэнне выконваюць і дзяўчынкі, якіх клічуць “дзецьмі Марыі”. Усе яны з’яўляюцца памочнікамі святара. Менавіта таму сёлетнія “Канікулы з Богам” былі прысвечаны вывучэнню дадзенай тэмы, для таго, каб дзеці падрабязна азнаёміліся з дзеяннямі, якія здзяйсняюцца на літургіі, і разумелі ўсё, што на ёй адбываецца, – як служачы пры алтары, так і проста ўдзельнічаючы ў ёй.
Дзеці не толькі наведвалі катэхетычныя заняткі, але і ўдзельнічалі ў гульнях, падрыхтаваных пробашчам і аніматарамі. Кожны дзень ім прапаноўваліся новыя гульні і заданні, а акрамя таго, як заўсёды, разнастайныя пачастункі ад пробашча. Знакам удзячнасці святару былі радасныя ўсмешкі маленькіх парафіян.
Апошні дзень “Канікул з Богам” сабраў усіх ля вогнішча. Тут іх чакалі пачастунак і забаўляльная праграма з танцамі і мноствам падарункаў ад пробашча. Было шмат вясёлых усмешак і радасных эмоцый.
Кожны ўдзельнік атрымаў пасведчанне аб тым, што пабываў на гэтых канікулах, якое будзе напамінам пра тое, што распавядаў на занятках святар, і заахвочваннем, каб замацоўваць гэтую навуку сваімі паводзінамі і ўчынкамі.
З канікул дзеці вярталіся з мноствам падарункаў. У парафіі адзначаюць: “Дзеці ўжо чакаюць з нецярпеннем наступнага жніўня, каб зноў сустрэцца са сваімі сябрамі, з якімі пазнаёміліся тут, і разам з імі гэтак жа, як і сёлета, разам узяўшыся за рукі, паўдзельнічаць у духоўнай малітве і размове з Богам, занесці Яму свае малітвы. Яны вераць і спадзяюцца, што і ў наступным годзе пробашч будзе іх чакаць. А чакаць ён сапраўды будзе, бо добра ведае, што духоўнае выхаванне дзіцяці вельмі важнае і ажыццяўляць такое выхаванне лепш за ўсё праз сумесную малітву і сумесны адпачынак, адпачынак з Богам. І ў наступным годзе ён абавязкова прыдумае штосьці новае, не менш цікавае”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі