24 жніўня ў парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах прайшлі рэкалекцыі пад назвай “Быць пракажоным”.
Ксёндз Віктар Ханько, які праводзіў рэкалекцыі, прапанаваў удзельнікам паразважаць над многімі тэмамі, на якія не заўсёды звяртаецца ўвага ў паўсядзённым жыцці.
Першая канферэнцыя ў межах рэкалекцый была прысвечана тэме “Праказа ў сучасным чалавеку”. На аснове тэксту Евангелля, у якім апавядаецца, як Езуса просіць аб аздараўленні хворы на праказу, удзельнікі маглі даведацца пра сучасныя наступствы жыццёвай “праказы”. Такімі наступствамі былі названы ізаляцыя ад грамадства, нежаданне размаўляць з людзьмі, будаваць адносіны дома, на працы і з Панам. Звярталася ўвага на тое, як шмат ранаў і крыўдаў людзі носяць у сабе, як часта самі сябе робяць пакрыўджанымі. Рэкалекцыяніст на падставе Святога Пісання імкнуўся паказаць у разважаннях глыбіні праўдаў пра кожнага.
Другая канферэнцыя прысвячалася тэме роляў, якія людзі часам неўсвядомлена граюць у жыцці. Святар прывёў прыклад гісторыі адной сям’і, прааналізаваўшы памылкі, якія рабілі прадстаўнікі розных яе пакаленняў і наступствы якіх адчуваліся ў будучыні. Было адзначана, што часта не заўважаецца, як многія праблемы застаюцца на працягу жыцця некалькіх пакаленняў, і што нават фізічныя хваробы маюць карані ў негатыўных эмоцыях, трагедыях, крыўдах, стрэсах, канфліктах бацькоў.
Значная ўвага была нададзена тэме адносін бацькоў і дзяцей. Ксёндз Віктар прапанаваў для разважання тэкст Евангелля паводле Лукі, у якім апавядаецца, як Езус уваскрасіў сына ўдавы. На аснове тэксту паказвалася, як у сем’і прыходзіць “духоўная смерць” і як часта ў іх, калі Бог займае там не першае месца, змяняецца піраміда каштоўнасцяў, што вядзе да страшных наступстваў.
Многім удзельнікам рэкалекцый асабліва запомніўся выраз, што “праўда без любові забівае, а любоў без праўды – грэх”. “Бо часта мы хочам навучыць, сказаць, але ў нашых словах няма любові Езуса – ёсць толькі наша любоў, часта эгаістычная. І часта мы кажам, што любім, а ў гэтай нашай любові шмат маніпуляцый, пошуку свайго”, – дзеляцца думкамі ўдзельнікі.
Трэцяя канферэнцыя закранала тэму таго, што значыць быць ахвярай. Многія ўдзельнікі ўбачылі сябе ў тэксце Святога Пісання, дзе апавядаецца, як Езус аздаравіў сляпога жабрака Бартымея. У межах гэтай канферэнцыі тлумачылася, што Бартымей умеў толькі браць, а гэта падобна да ролі ахвяры, і што любіць на самой справе – значыць дарыць.
Водгукі ўдзельніц:
“Гэта былі трэція рэкалекцыі ў Мастах, якія я наведала. Калі ехала ў першы раз, то, напэўна, чакала нейкага цуду аздараўлення ці чагосьці падобнага, але цуду, як у казцы, там няма. Там ёсць Божае слова, якім ты напаўняешся. Цуд заключаецца ў тым, што святар, цытуючы Біблію, даносіць вельмі глыбокую думку, і здаецца, што ён кажа менавіта пра цябе, пачынаеш бачыць сябе як быццам знутры, і хочацца вызваліцца, скінуць тоўсты панцыр. Але як гэта зрабіць? Пачынаеш клікаць Езуса ў сваё жыццё, свае справы, думкі, праблемы і крыўды… і Ён прыходзіць. І гэта цуд, калі ў цябе мурашкі па целе ці холад па спіне, ці адчуеш, як лёгкі ветрык дакрануўся да цябе, і паток слёз, які выплёскваецца з цябе, – гэта плача твая душа. Становіцца зразумелым выраз “крык душы”. Нават малазнаёмыя людзі абдымаюцца і моўчкі плачуць, але такое адчуванне, нібы Езус побач і суцяшае цябе. Потым наступае супакаенне, радасць, хочацца сказаць “дзякуй” усяму свету”.
“Пасля гэтых рэкалекцый Пан на многае адкрыў мне вочы. Я зразумела, што ўсё жыццё (мне каля 60 гадоў) была ў ролі ахвяры. Калі ехала на рэкалекцыі, у мяне былі праблемы з суставамі, я не магла ўкленчыць, але падчас малітвы стаяла на каленях, і боль прайшоў. Пан паказаў мне, што мае страхі адносна мамы і мужа (характэрны для мамы тон загаду і вяртанне гэтай мадэлі ў выпадку мужа) усё жыццё разбуралі мяне. І калі я ўзгадвала якоесьці строгае пытанне, звернутае да мяне, у мяне дрыжалі калені, а далей ішло разбурэнне суставаў. Мне заўсёды ўказвалі, што я павінна рабіць, куды ісці, чым займацца і інш. Канешне, у жыцці было шмат момантаў, калі я рабіла так, як падказваў Пан, але часта перажывала, чула папрокі – а папрокі былі, бо я хацела дагадзіць сваім блізкім, нягледзячы на тое, што гэта маё жыццё і я павінна праводзіць яго не паводле чыіхсьці ўказанняў, а паводле Божай волі.
Хочацца выказаць удзячнасць Пану Богу за такую магчымасць акунуцца ў Яго ласку. Велізарны дзякуй ксяндзу Віктару за яго працу, за тое, што ён так адкрыты на Бога, а асабліва за дзеянне Духа Святога ў яго разважаннях над Бібліяй. І, канешне, дзякуй усім вернікам парафіі ў Мастах. Іх сэрцы, вера, любоў і служэнне – як жывое Евангелле. Дзякуй ім за кожны кубак гарбаты і кавы, за вельмі смачны абед”.
“Гэта быў дзень, калі можна было пакінуць усіх і ўсё і надаць увагу сваім сэрцу і душы. З аднаго боку, усе словы разважанняў былі глыбокімі, важнымі, прымушалі мой мозг працаваць, а з іншага – вельмі простымі момантамі, прадстаўленымі ў жартоўнай форме. Але менавіта такі падыход да ўдзельнікаў, на мой погляд, просты і зразумелы, словы тым самым дасягаюць глыбіняў сэрца…
Фізічна Езус дакрануўся да маёй праблемы, якая цягнулася гадамі, – гэта мігрэнь. Усе магчымыя спосабы вылечыць яе не давалі выніку, лекі толькі часам здымалі боль… Прычына была значна глыбей – у сітуацыі, калі мне ў 11-12 гадоў давялося “загрузіць” сваю галаву цяжкасцямі ў сям’і, пра якія мне не распавялі праўдзіва і якія я дадумвала сама, прытым узвальваючы на сябе перажыванні і наступствы і несучы гэта на працягу многіх гадоў. Езус у момант малітвы вярнуў мяне ў той дзень, аднавіў яго ў маёй памяці, даў прыняць тую сітуацыю, прабачыць і адпусціць, вызваліўшы мяне ад мігрэні!
Што датычыцца цяперашняга і будучыні – яны звязаны і пераклікаюцца, праз іх Езус у прысутнасці Панны Марыі дакрануўся да мяне як да маці. Гэта звязана з жаночай лініяй майго роду – з жанчынамі, якіх бацькі не любілі, не прымалі з моманту зачацця і нараджэння. На малітве Пан падштурхнуў мяне да таго, каб прыняць і любіць сваю дачку.
Пасля такіх сустрэч не хочацца вяртацца дадому, але Езус чакае мяне ў маёй сям’і, сярод родных, у акружэнні, штодзённым жыцці. На такіх сустрэчах Бог запальвае маё сэрца, каб я несла свету Яго святло і запальвала іншых!”
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі