2 верасня арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч у межах сваёй паездкі ў Гродзенскую дыяцэзію наведаў Сапоцкін.
У гэты час у рэкалекцыйным доме дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі распачаліся штогадовыя рэкалекцыі для духавенства Касцёла на Гродзеншчыне. Арцыбіскуп узначаліў для святароў, якія ўдзельнічаюць у гэтых рэкалекцыях, цэлебрацыю Эўхарыстыі ў сапоцкінскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Затым у зале рэкалекцыйнага дома адбылася арганізацыйная сустрэча на чале з арцыбіскупам Кандрусевічам, мэтай якой была каардынацыя намаганняў па правядзенні канферэнцыі “Новая евангелізацыя ў кантэксце дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі”. Канферэнцыя праводзіцца з нагоды пастырскага Года свецкіх і Сіноду біскупаў на тэму сінадальнасці, адбудзецца 28 верасня ў Гродне.
У арганізацыйнай сустрэчы прынялі ўдзел віцэ-канцлер курыі Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Антоній Грэмза, намеснік дырэктара Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра ў Гродне а. Андрэй Шчупал CSsR, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. канонік Віталь Вайцяхоўскі, пракуратар семінарыі кс. Валерый Аброшка і асабісты сакратар арцыбіскупа Кандрусевіча кс. Павел Эйсмант.
На сустрэчы былі абмеркаваны некаторыя арганізацыйныя пытанні, канчаткова зацверджана праграма канферэнцыі, акрэслены тэмы выступленняў і дакладчыкі.
Кс. Павел Эйсмант, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі