У нядзелю 1 верасня ў парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) з удзелам каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Уладзіміра Гуляя адзначылі пачатак новага навучальнага і катэхетычнага года.
Дзеці і моладзь з самай раніцы спяшаліся ў парафіяльную капліцу, каб распачаць навучальны год з Божым благаслаўленнем.
У гаміліі на святой Імшы біскуп нагадаў вучням, настаўнікам і бацькам пра вялікую адказнасць, якая ляжыць на кожным з іх. Ён адзначыў, што здабытыя веды – гэта не толькі мэта, але і сродак, які дапамагае ісці шляхам збаўлення, і што людзі, якія вядуць да пазнання, – настаўнікі, выхавацелі, катэхеты, – гэта тыя, хто дапамагае расці ў веры і ў ведах.
Каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі дадаў, што дзеці з’яўляюцца дарам ад Бога, таму бацькі павінны клапаціцца пра іх выхаванне і развіццё, бацькі – першыя настаўнікі для сваіх дзяцей, яны павінны памятаць пра іх духоўнае выхаванне, дапамагчы ім сустрэць у жыцці Бога.
Пасля Імшы пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда запрасіў дзяцей на забаву. Свята стала сапраўдным падарункам для малодшых парафіян, бо на яго завітаў вясёлы клоўн, які зацікавіў дзяцей жартамі і гульнямі. Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах, адгадвалі загадкі і смяяліся над пацешнымі сітуацыямі, пра якія распавядаў клоўн.
Пазней былі танцы і гульні. Дзеці весела праводзілі час, смяяліся, іх вочы ззялі радасцю, з твараў не знікалі ўсмешкі.
Арганізатары маюць надзею, што свята падарыла дзецям і бацькам радасць, дапамагло настроіцца на паспяховы і плённы навучальны год, што гэты дзень стаў яркім стартам новага этапу ў іх жыцці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі