1 верасня, у ХХІІ звычайную нядзелю, у парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай у гродзенскім мікрараёне Баранавічы адбылося незвычайнае набажэнства з удзелам арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча і біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.
Святая Імша прайшла ў часовай капліцы на тэрыторыі, дзе будуецца касцёл. На літургіі сабраліся шматлікія парафіяне, сярод якіх былі дзеці і моладзь. У Дзень ведаў, на пачатку новага навучальнага і катэхетычнага года, яны мелі магчымасць даручыць гэты час Богу і атрымаць благаслаўленне.
Акрамя таго, перад Імшой было здзейснена благаслаўленне вянка, змешчанага над уваходам у будучы касцёл.
Пробашч кс. канонік Юрый Марціновіч прывітаў прысутных, сказаўшы, што парафія мае гонар прымаць двух біскупаў, якія памоляцца за дзяцей у Дзень ведаў і за ўсіх іншых парафіян.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сувязі з будаўніцтвам парафіяльнага касцёла адзначыў у гаміліі, што, хаця часы змяняюцца, у будаўніцтве ёсць свае звычаі, сімвалізм якіх не змяняецца стагоддзямі і да якіх адносіцца абрад змяшчэння вянка на найвышэйшым пункце новага будынка.
Старажытныя людзі верылі, нагадаў арцыбіскуп, што на дрэвах жывуць боствы, якія ўплываюць на жыццё чалавека, і што дзякуючы апецы звышнатуральнай істоты вянок з лісцяў і галінак забяспечыць шчасце жыхарам будынка. Іерарх распавёў пра сімвалізм змяшчэння вянка на будынку касцёла: такім чынам пазначаецца завяршэнне чарговага і вельмі важнага этапу будаўніцтва, што з’яўляецца прадметам гонару і радасці для парафіі і будаўнікоў. Таксама гэты абрад аб’ядноўвае супольнасць вернікаў і матывуе іх да далейшых намаганняў з мэтай хутчэйшага завяршэння будаўніцтва.
Па словах арцыбіскупа, традыцыя змяшчэння вянка на будучым касцёле кажа пра тое, як важна адарваць позірк ад зямлі і зямных справаў і накіраваць да духоўных.
Арцыбіскуп нагадаў, што ў старажытнасці пераможца спартыўных спаборніцтваў атрымліваў вянок з лісцяў, і падкрэсліў: “Мы імкнёмся да таго, каб атрымаць вянок святога ці святой. Менавіта з гэтай мэтай і будуецца новы касцёл як месца сустрэчы чалавека з Богам”. Іерарх прывёў словы 127-га псальма: “Калі Бог не ўзвядзе дом, то дарэмна працуюць будаўнікі”. “Мы маліліся, калі закладалі вуглавы камень. Сёння молімся, калі ўсталёўваецца вянок. Будзем маліцца і пры асвячэнні касцёла”, – сказаў арцыбіскуп.
Ён назваў сімвалічным тое, што з нагоды пачатку навучальнага года ў гэтым свяце ўдзельнічаюць школьнікі. Іерарх адзначыў, што ў іх “ёсць магчымасць лепей пазнаць нашыя традыцыі і іх значэнне”.
Каментуючы фрагмент Евангелля на гэты дзень, у якім фарысеі папракаюць Езуса, што Яго вучні ядуць хлеб неабмытымі рукамі, а Ён адказвае, што маральнасць зыходзіць з сэрца, а не з рытуалаў, арцыбіскуп патлумачыў: “Закон рытуальнага ачышчэння перад ежай і малітвай з часам перарадзіўся ў знешнія рытуалы без знакаў духоўнасці. Яго сапраўдны намер быў страчаны дзеля захавання рытуалу”. Менавіта таму, па словах іерарха, Езус кажа, што не рытуальнае ачышчэнне рук і посуду гарантуе чалавеку ўнутранае ачышчэнне, а сэрца, бо з сэрца выходзяць злыя думкі, якія перараджаюцца ў дзеянні. Арцыбіскуп прапанаваў вернікам адказаць сабе на пытанне: “Якія сэрцы ў нас – закрытыя, якія не дапускаюць да сябе Бога і бліжняга, ці адкрытыя, якія, наадварот, з радасцю іх вітаюць?”
Іерарх дадаў, што гэты фрамент Евангелля кажа аб тым, каб не атаясамліваць рэлігію са знешнімі справамі, бо гэта не гарантуе святасці: “Самае галоўнае – гэта любоў у нашых сэрцах, якая матывуе нас рабіць тое, што мы робім. Мы ходзім на Імшу і молімся Богу, бо Яго любім. Даём міласціну людзям, якія знаходзяцца ў патрэбе, бо іх любім. Прабачаем нашым вінаватым, бо іх любім”.
Арцыбіскуп заклікаў прысутных дазволіць Богу ўвайсці ў іх сэрцы, “каб яны перамяніліся, каб з іх выходзілі толькі добрыя справы, за якія Пан адорыць нас вечным шчасцем у небе”. Пры гэтым ён выказаў надзею, што ўсталяванне вянка на будучым касцёле стане новым імпульсам для таго, каб будаўніцтва хутчэй завяршылася і святыня пачала спаўняць сваю місію месца сустрэчы чалавека з Богам.
У канцы Імшы дзеці ад імя ўсёй парафіі выказалі арцыбіскупу Кандрусевічу і біскупу Кашкевічу ўдзячнасць.
Пасля літургіі арцыбіскуп благаславіў наплечнікі і школьныя прылады вучняў. Абодва іерархі ўдзялілі школьнікам благаслаўленне на новы навучальны год, пажадаўшы ім, адначасова з узрастаннем у гадах, узрастаць у мудрасці і Божай ласцы, каб стаць радасцю і надзеяй для сваіх сем’яў, Касцёла і грамадства.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч