26 жніўня ў Слоніме адбыўся юбілейны ХХ турнір па міні-футболе “Памяці святога Яна Паўла II” сярод каталіцкіх парафій Касцёла на Беларусі.
У турніры ўдзельнічала 20 каманд (у агульнай колькасці больш за 150 чалавек), якія прадстаўлялі парафіі ўсіх беларускіх дыяцэзій. У катэгорыю “А”, малодшую, уваходзілі вучні 5-7 класаў школы, катэгорыю “В”, сярэднюю, – вучні 8-11 класаў, катэгорыю “С”, старэйшую, – удзельнікі ад 17 гадоў.
У пачатку мерапрыемства ўдзельнікі сабраліся на Эўхарыстыі ў касцёле святога апостала Андрэя, якую ўзначаліў пробашч слонімскай парафіі а. Юрый Катовіч OFMCap.
Пробашч парафіі ў Сапоцкіне кс. Антоні Абухоўскі ў гаміліі заахвоціў не баяцца ісці ў сённяшнія часы дарогай святасці, мець адвагу прызнавацца ў сваёй веры ў Хрыста. Таксама святар адзначыў, што гэты турнір “яднае перш за ўсё тых, хто верыць у Хрыста”, і што ў ім “на першае месца выходзяць не тэхнічныя здольнасці гульца, а тое, якім я з’яўляюся чалавекам”.
Пасля заканчэння Імшы галоўны арганізатар турніру, адказны па справах спорту і фізічнага выхавання ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Артур Малафей, падзякаваў духавенству, спонсарам і валанцёрам, якія на працягу дваццаці гадоў дапамагалі ў правядзенні гэтага спартыўнага мерапрыемства. Усе атрымалі ад арганізатара памятныя сувеніры.
Затым каманды накіраваліся на стадыён. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся галоўны суддзя спаборніцтваў, прадстаўнік асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футболу” Георгій Вярбіцкі.
Каманды былі падзелены на групы. Затым быў абед, а пасля распачаліся спаборніцтвы.
Усе матчы абслугоўвалі прафесійныя футбольныя суддзі. Матчы праходзілі ў бескапраміснай барацьбе.
На заканчэнне турніру кожны ўдзельнік атрымаў падарунак ад спонсара. У кожнай каманде былі вызначаны лепшыя гульцы, якія таксама атрымалі спецыяльныя ўзнагароды ад спонсара Баляслава Івашкі (ТАА “Виботорг”).
Выніковыя месцы:
Катэгорыя “А”:
1. парафія ў Дзятлаве
2. парафія св. Піо ў Гродне
3. парафія ў Сапоцкіне
Лепшы гулец у катэгорыі – Уладзіслаў Сёмуха (парафія ў Дзятлаве).
Катэгорыя “В”:
1. парафія ў Воранаве
2. парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне
3. парафія ў Гервятах
4. парафія ў Сапоцкіне
5. катэдральная парафія ў Пінску
6. архікатэдральная парафія ў Мінску
Лепшы гулец у катэгорыі – Павел Пашкевіч (парафія ў Воранаве).
Катэгорыя “С”:
1. парафіі ў Іўі і Лаздунах
2. парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне
3. парафія ў Мёрах
4. парафія св. Вацлава ў Ваўкавыску
5. парафія Божай Міласэрнасці ў Гродне
6. парафіі Маці Божай Фацімскай, святога Зыгмунда, святога Яна Паўла ІІ у Баранавічах
7. парафія ў Германішках
8. архікатэдральная парафія ў Мінску
9. парафія св. Піо ў Гродне
10. парафія св. Казіміра ў Маладзечне
11. парафія ў Сапоцкіне
Лепшы гулец у катэгорыі – Артур Верабей (парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне).
Прыз глядацкіх сімпатый атрымала каманда мінскай архікатэдральнай парафіі (катэгорыя “В”).
Арганізатары, валанцёры і ўдзельнікі турніру выказваюць асаблівую падзяку генеральнаму спонсару Баляславу Івашку.
Лізавета Чарніцкая, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Яўген Малафей, slonves.by