Skip to main content

Усебеларускі малітоўны семінар Альфа-курса прайшоў у Навагрудку

alfa 5З 23 па 25 жніўня пры парафіі св. Арханёла Міхала ў Навагрудку адбыўся ўсебеларускі малітоўны семінар служыцеляў евангелізацыйнага Альфа-курса.

Асноўнымі мэтамі семінара былі супольная малітва за справу новай евангелізацыі ў нашай краіне і дзяленне досведам правядзення сустрэч А-курса.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі служыцелі курса з дзвюх гродзенскіх парафій – Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі і Найсвяцейшага Адкупіцеля, з мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) і навагрудскай парафіі Арханёла Міхала. Прысутнічалі таксама іх душпастыры: кс. Антоній Грэмза, а. Дзмітрый Лабкоў CSsR, кс. канонік Юрый Санько, кс. Юрый Жэгарын.

alfa 3

Лекцыі ў праграме семінара былі прысвечаны тэмам асноўнай місіі А-курса пры парафіях, гасціннасці і культуры запрашэння ў адносінах да слухачоў курса і пытанням, звязаным з падрыхтоўкай новых служыцеляў.

Служыцелі курса выразілі надзею, што, між іншым праз гэты евангелізацыйны курс, справа новай евангелізацыі будзе пашырацца, ахопліваць новыя парафіі і прыносіць багаты плён у сэрцах людзей, якія шчырым сэрцам хочуць пазнаць Бога і служыць Яму.

Дамінік Запаснік, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі