Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй узяў удзел ва ўрачыстасцях у гонар Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе

2024 08 17 Braslau 20240817 08816-17 жніўня ў Браславе (Віцебская дыяцэзія) адбыўся фэст у гонар Маці Божай Валадаркі азёраў.

Урачыстасці праходзілі пад дэвізам “Праз стагоддзі пад Тваёй апекай, Марыя”. Сёлетні фэст праводзіўся ў год святкавання 50-годдзя з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі, 600-годдзя з часу заснавання парафіі ў Браславе, 200-годдзя з часу пабудовы тут мураванага касцёла, 25-годдзя з часу ўстанаўлення санктуарыя Маці Божай Браслаўскай і 15-годдзя з часу каранавання цудадзейнага абраза Валадаркі азёраў папскімі каронамі.

На фэсце біскуп Віцебскі Алег Буткевіч паведаміў, што санктуарыю Маці Божай Браслаўскай нададзены тытул малой базылікі. Тытул падкрэслівае асаблівыя адносіны супольнасці мясцовага Касцёла з асобай і вучэннем Святога Айца.

Урачыстасці завяршыліся святой Імшой, якая цэлебравалася на алтары-караблі Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскiм. Гамілію прамовіў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. Таксама ў Імшы ўдзельнічалі генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і іншае духавенства, кансэкраваныя асобы, мясцовыя вернікі і пілігрымы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламатычнага корпусу.

2024 08 17 Braslau 20240817 001

У гаміліі біскуп Уладзімір Гуляй сказаў: “Браслаўскі абраз належыць да абразоў Маці Божай, якая прадстаўляецца менавіта як дарога, якая вядзе да Хрыста і ўказвае на Яго. 15 гадоў таму, укараноўваючы гэтую цудадзейную выяву Браслаўскай Пані, мы выразілі сваю пашану Марыі і веру, што гэтае святое месца адзначалася многія стагоддзі таму і адзначаецца сёння шматлікімі цудамі, якія Бог у сваёй ласкавасці чыніць у жыцці кожнага з нас і ў жыцці нашага Касцёла на Беларусі”.

Біскуп падкрэсліў, што Маці Божая клапоціцца аб тым, каб адносіны кожнага чалавека з Езусам “былі прыгожымі і сталымі”. “Набліжаючыся да Марыі, мы заўсёды набліжаемся да Бога… Любіць Езуса, ісці з Ім праз жыццё, дзяліцца Ім са светам, праводзіць з Ім час… Усё гэта – пра Яе”, – адзначыў іерарх.

Біскуп заўважыў, што ў Святым Пісанні бачна, як Езус у канцы зямнога жыцця пакідае ўсіх апосталаў пад апекай сваёй Маці. “Апосталаў адрозніваюць паходжанне і ўзрост; адрозніваюць тэмпераменты і досвед… Але тое, што іх злучае – гэта жыццё з Езусам, а пасля Яго смерці – апека Марыі. Гэта Яна абуджала іх дух, перш чым кожны накіраваўся ў свой бок пасля Спаслання Духа Святога, – сказаў іерарх. – Справа не толькі ў тым, што Езус абудзіў у іх сэрцах сыноўства адносна Айца; не толькі ў тым, што паслаў ім пазней Духа Святога; але і ў тым, што пасля Яго адыходу яны – ні на секунду – не пазбаўлены на зямлі апекі любячага Сэрца, якое так падобна да Езусавага”.

2024 08 17 Braslau 20240817 032

Узгадваючы ў якасці прыкладу апостала Яна, умілаванага вучня Езуса, біскуп патлумачыў, што гэты апостал будаваў свае адносіны з Маці Божай выключным чынам: “Перад смерцю Езус даручае Яну Марыю, як сваё найбольшае багацце. А Ян прымае Яе ад імя ўсяго чалавецтва. (…) Ян не ўзяў Марыю выключна пад свой дах, даючы Ёй фізічнае месца ва ўласным памяшканні. Ён даў Ёй доступ ва ўсё сваё жыццё!”

“Да глыбокай праўды пра Марыю і да блізкасці з Ёю мы прыходзім, беручы прыклад з Езуса! Бо да Яго – праз Яе, а да Яе – дзякуючы Яму. І тут справа не ў нейкім пасрэдніцтве Езуса перад Марыяй. Не, не! Гэта сапраўды было б грубай абразай, рэлігійным вычварэннем і тэалагічнай катастрофай. Бо ў парадку пасрэдніцтва – гэта Марыя заступаецца за нас перад Езусам і ніколі не наадварот. Затое ў парадку любові, у прасторы адносін і блізкасці – да Сэрца Марыі мы прыходзім дзякуючы Езусу, бо гэта Ён – як Яе Дзіця – першы прайшоў гэты шлях і даў нам доступ да Яго. Таму наш Пан і Бог Езус Хрыстус праз Касцёл (праз урачыстасці ў гонар Марыі, такія, як сённяшняя) заахвочвае аддавацца Марыі, каб мы даручалі сябе Яго Маці. Каб мы Яе любілі і туліліся да Яе”, – сказаў біскуп.

“Езус сам упэўніўся, як добра мець Марыю сваёй Мамай, – падкрэсліў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі. – Яе роля ў зямным жыцці Езуса – і наогул у гісторыі збаўлення – проста неапісальная, яна здзіўляе і сапраўды захапляе… Марыя робіць так, што я больш люблю Езуса, а Езус вучыць мяне любові да Яе”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: catholic.by