5 жніўня адзначыў сваё пяцігоддзе евангелізацыйны праект “Cordis”, які дзейнічае пры гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці. 7 жніўня з нагоды юбілею ўдзельнікі праекта прысутнічалі на агульнай аўдыенцыі з Папам Францішкам і падарылі яму копію абраза Маці Божай Студэнцкай з гродзенскай катэдры.
Назва праекта перакладаецца з латыні як “сэрца”, таму што адна з галоўных мэт “Cordis” – распаўсюджванне Божай любові да кожнага чалавека без выключэння, каб кожны зразумеў, як моцна яго любіць Бог, зразумеў, што кожны мае месца ў Яго Сэрцы і што ўсе належаць гэтаму Сэрцу.
Праектам кіруюць свецкія вернікі парафіі Божай Міласэрнасці, а дапамогу ім аказваюць ксяндзы сарцане, якія служаць у гэтай парафіі. Сімвал “Cordis” – абрыс голуба, які сімвалізуе Духа Святога, і сарцанскі крыж. Крыж з сэрцам – сімвал Езуса, які памёр на крыжы з любові да людзей, і адзін з сімвалаў Кангрэгацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса, харызма якой – пашана да Сэрца Езуса і распаўсюджванне яго культу. Сімвал Духа Святога, які нібыта паглынае Сэрца Езуса, адлюстроўвае тое, што Езус быў напоўнены Духам. Гэтыя сімвалы ўвасабляюць мэту “Cordis” – распаўсюджванне культу Божага Сэрца – і ўсведамленне ролі Духа Святога, без якога няма існавання Касцёла.
Праект дзейнічае ў Instagram і на YouTube. Яго дзейнасць пачалася 5 жніўня 2019 года з першага поста на старонцы ў Instagram, калі быў апублікаваны кліп на адну з хрысціянскіх песень. Пазней з’явілася яшчэ некалькі кліпаў. На пэўны час дзейнасць праекта была прыпынена і здавалася, што ён ужо не адновіцца, але неўзабаве быў анансаваны цыкл адвэнтавых відэаразважанняў. З таго часу прыярытэтам дзейнасці “Cordis” стала евангелізацыя ў асаблівыя перыяды касцёльнага года – Адвэнт і Вялікі пост. Гэта матывавалася тым, што ў гэтыя перыяды больш людзей шукае Бога з увагі на значнасць святаў Божага Нараджэння і Вялікадня.
Акрамя таго, “Cordis” прапануе разважанні на іншыя перыяды года – у тым ліку штодзённыя разважанні да Евангелля, якія рыхтуюць ксяндзы сарцане, – і твіты Папы Францішка з разважаннямі. У 2022 годзе маладыя людзі, якія ўдзельнічаюць у праекце, запісвалі інтэрв’ю са святарамі і законнікамі.
На юбілей праекта ўдзельнікі “Cordis” вырашылі падарыць Папу Францішку копію іконы Маці Божай Кангрэгацкай з гродзенскай катэдры, ведаючы любоў Святога Айца да гэтага абраза. Ікона Маці Божай Кангрэгацкай, вядомая таксама як ікона Маці Божай Студэнцкай, – копія іконы Маці Божай Снежнай з базылікі Маці Божай Вялікай у Рыме. Папа вельмі любіць гэтую ікону, а перад сваімі падарожжамі і пасля іх заўсёды моліцца перад ёю. 4 жніўня ў гродзенскай катэдры адзначылі 360-годдзе прабывання іконы Маці Божай Кангрэгацкай у Гродне. Свята Маці Божай Снежнай адзначаецца 5 жніўня, у дзень нараджэння “Cordis”.
Папа Францішак падзякаваў за падарунак.
Прамова Пантыфіка на аўдыенцыі была прысвечана тэме дзейнасці Духа Святога ў справе адкуплення. Разважаючы над звеставаннем Маці Божай, Папа сказаў, што таямніца зачацця Божага Сына была незразумелай для Панны Марыі, якая, пачуўшы словы Анёла, спытала: “Як станецца гэта?” Папа адзначыў, што гэтым жа пытаннем спантанна задаецца Касцёл, калі апынаецца перад задачамі, якія пераўзыходзяць яго сілы. Пантыфік дадаў, што сёння тыя, хто ажыццяўляе місію абвяшчэння Езуса Хрыста і Яго збаўлення ў свеце, які, здаецца, шукае толькі дабрабыту, чуюць словы: “Прымеце моц Духа Святога, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі” (Дз 1, 8). “Без Святога Духа Касцёл не можа ісці наперад, Касцёл не можа расці, Касцёл не можа абвяшчаць Евангелле”, – заўважыў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што гэта датычыць не толькі Касцёла ў цэлым, але і кожнага хрысціяніна, калі той сустракаецца з сітуацыямі, якія пераўзыходзяць яго сілы. Папа адзначыў, што ў гэты час трэба памятаць, што “для Бога няма нічога немагчымага”, і запэўніў: “Калі будзем верыць у гэта – будзем чыніць цуды”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі