3 жніўня адбылася пешая пілігрымка з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый у Росі. У санктуарыі знаходзіцца цудадзейная фігура Езуса Журботнага, якой больш за 400 гадоў і якая праславілася шматлікімі ласкамі, атрыманымі мноствам людзей.
У пілігрымцы, якая праходзіла пад дэвізам “Супакой і дабро”, удзельнічала больш за 300 чалавек з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі, a таксама з Мінска.
Пілігрымка пачалася ранішняй малітвай у касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах (дэканат Вялікая Бераставіца), куды ўдзельнікі дабраліся на аўтобусах або на сваім транспарце.
Гэты дзень быў першай суботай месяца, калі ў Касцёле асабліва ўшаноўваецца Беззаганнае Сэрца Панны Марыі. У сувязі з гэтым кіраўнік пілігрымкі кс. канонік Юрый Марціновіч, вітаючы ўдзельнікаў, сказаў, што яны быццам атрымліваюць у дарогу благаслаўленне Маці Божай.
Пасля благаслаўлення, удзеленага пробашчам парафіі кс. Алегам Канановічам, пілігрымы вырушылі ў шлях. Сёлета ён быў для іх вельмі прыемным дзякуючы добраму надвор’ю.
Па традыцыі на першым прывале пілігрымы маглі пачаставацца ў мабільнай кавярні духмянай кавай. Таксама па традыцыі на кожным прыпынку можна было выпіць гарачую мяту, якая дапамагае ў страваванні, асвяжае і наталяе смагу ў гарачы летні дзень.
Удзельнікі памаліліся Ружанец, які ў пілігрымцы вельмі адметны, бо інтэнцый малітвы ў некалькі разоў больш, чым пацерак на ружанцы. Інтэнцыі агучыў семінарыст Павел Догель. Старэйшыя ўдзельнікі памаліліся аб міры ў сваіх сем’ях, за дзяцей і аб дары веры. Малодшыя маліліся аб паступленні ў навучальныя ўстановы і Божым благаслаўленні на будучы навучальны год, а тыя з іх, якія хочуць стварыць сям’ю, прасілі Бога аб добрым сужэнцы.
Абед для пілігрымаў прыгатавалі, як штогод, вернікі парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Рэплі. Для ўдзельнікаў пілігрымкі прыпынак на абед – заўсёды прыемны час, калі яны могуць наблізіцца да гісторыі прыгожай мясцовай святыні, з якой іх знаёміць, сардэчна прывітаўшы, пробашч кс. Павел Ствол.
У дарозе адбыліся дзве канферэнцыі. У першай кс. Юрый Марціновіч нагадаў, што супакой можа даць чалавеку толькі Хрыстус, у другой семінарыст Павел Догель заклікаў быць добрымі адзін да аднаго і дзяліцца дабром.
Жыхары вёскі Дулеўцы, як кожны год, прыгатавалі для пілігрымаў багаты пачастунак са слодычаў і садавіны і памаліліся разам з імі, як у мінулыя гады, з радасцю і нават слязьмі ўзрушанасці.
У малітве Вяночка да Божай Міласэрнасці пілігрымы асабліва прасілі Бога аб міры ў свеце, за маладых людзей, якія згубіліся на шляхах жыцця, і за грэшнікаў, заклікаючы Пана быць міласэрным да іх і ўсяго свету.
На працягу ўжо некалькіх гадоў гэтая пілігрымка мае наступную асаблівасць: кожны ўдзельнік, які ідзе ў ёй упершыню, павінен за дзень зрабіць вянок з палявых кветак, у гэтых вянках тыя, хто ўдзельнічае ў ёй першы раз, уваходзяць у санктуарый першымі з усіх. Сёлета такіх людзей было ў пілігрымцы шмат. Для многіх такі ўваход у санктуарый – важны і вельмі хвалюючы момант.
Па традыцыі перад уваходам у Рось кіраўнік пілігрымкі дзякуе ўсім за ўдзел, а службам пілігрымкі – за дапамогу ў яе арганізацыі і паспяховым правядзенні. Сёлета, паколькі шмат людзей захацелі прыступіць да сакрамэнту пакаяння, падзяка не прагучала: ксёндз Юрый паведаміў, што, калі ўваходзілі ў Рось, ён удзяляў адпушчэнне грахоў апошняму з вернікаў. “Для мяне як святара вялікая радасць, што столькі людзей захацелі паяднацца з Богам, каб паглядзець у вочы Езуса Журботнага з чыстым сэрцам і адноўленай душой. Гэта самае важнае, важнейшае нават за словы падзякі, якія я не змог выказаць”, – сказаў кіраўнік пілігрымкі, які здзейсніў яе ў 22-і раз.
Святар дадаў, што вера пілігрымаў дазволіла ім дайсці да мэты шляху, каб зірнуць у міласэрныя, поўныя любові, дабрыні і цеплыні вочы Хрыста Журботнага, якія глядзяць на іх з чуласцю, а сёлета быццам заахвочвалі кожнага з вернікаў згодна з дэвізам гэтага падарожжа: “Будзь вестуном супакою ў сваім доме, на месцы вучобы ці працы. Будуй супакой у сваім сэрцы. Будзь добры да іншых, дзяліся дабром”.
Кусташ санктуарыя кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч, заўсёды гасцінны гаспадар гэтага месца, як звычайна, прывітаў пілігрымаў на парозе святыні і запрасіў на сустрэчу з Богам, да якога яны столькі кіламетраў ішлі сказаць пра свае нягоды і радасці і папрасіць, каб немагчымае стала магчымым.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч