Skip to main content

З удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча ў Данюшаве адзначылі 35-годдзе з часу вяртання касцёла

danuszewa 14 жніўня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Данюшаве (Смаргонскі дэканат) адзначылі 35-годдзе з часу вяртання вернікам парафіяльнага касцёла. Урачыстую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Першы касцёл у Данюшаве быў пабудаваны ў канцы XV cтагоддзя. Сённяшні з’яўляецца трэцім па ліку. Пасля Другой сусветнай вайны ён быў канфіскаваны і выкарыстоўваўся нязгодна са сваім прызначэннем, аднак працягваў адыгрываць евангелізацыйную ролю. Людзей прыцягвала прыгажосць яго драўлянай архітэктуры, не адзін чалавек у роздумах стаяў каля зачыненай святыні.

На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія парафіяне і госці, прысутнічала духавенства суседніх парафій.

Пробашч кс. Уладзіслаў Сурвіла прывітаў прысутных.

Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў у гаміліі: “У змрочныя часы ваяўнічага атэізму, калі ў гэтай святыні не абвяшчалася Божае слова, прамаўлялі яе сцены, а высокія і прыгожыя вежы заклікалі чалавека адарваць позірк ад зямных спраў і накіраваць да вышэйшых, духоўных. Малітва і цярпенні людзей не мінулі дарма, і сёння мы цешымся не толькі архітэктурнай прыгажосцю святыні, але і духоўнай. У сценах гэтага касцёла будуецца з чалавечых сэрцаў сапраўдны Касцёл, імя якому – містычнае Цела Хрыста”.

“Дзякуем Богу і людзям, якія ў розныя часы будавалі і аднаўлялі гэты касцёл, а таксама змагаліся за яго вяртанне. Сёння мы молімся аб вечным супакоі для памерлых і Божым благаслаўленні для жывых”, – дадаў іерарх.

Разважаючы над чытаннем Евангелля на гэты дзень, якое распавядае пра пошук Езуса габрэямі, арцыбіскуп засяродзіў увагу на пытаннях, што было матывам гэтага пошуку і ці шукалі Езуса як Месію. Іерарх нагадаў, што людзі шукалі Хрыста, бо Ён іх накарміў, і гэта натуральна, але што ў той жа час Ён заклікае памятаць не толькі аб матэрыяльнай ежы, але і аб духоўнай – Божым слове і Эўхарыстыі.

Таксама арцыбіскуп нагадаў, што, ідучы з Егіпта ў зямлю абяцаную, габрэі наракалі на Бога і Майсея, бо хацелі мець не свабоду, а ежу, якая ў іх была ў Егіпце. “Ці не падобныя мы да іх? У нас усё больш касцёлаў, дзе абвяшчаецца вечна жывое і дзейснае Божае слова, цэлебруецца Эўхарыстыя і іншыя сакрамэнты, праводзіцца іншая рэлігійная дзейнасць, а мы гэтым не карыстаемся”, – сказаў іерарх.

Па яго словах, паказчыкам рэлігійнасці не з’яўляецца вялікі ўдзел людзей ва ўрачыстасцях у Будславе, Тракелях, Гудагаі і іншых месцах. Арцыбіскуп адзначыў, што “людзі становяцца ўсё менш рэлігійнымі”, “іх цікавяць бізнес, прыбытак, задавальненні, алкаголь, наркотыкі, яны імкнуцца змяніць нязменны Божы закон”, “культура, якая павінна мець духоўнае вымярэнне, становіцца рассаднікам бездухоўнасці і вычварэнства, мас-медыя прапагандуюць замест узаемнай любові і духоўнасці нянавісць і грэх”, “людзі жывуць так, як быццам Бог не існуе”.

“Літанія духоўных анамалій сучаснасці бясконцая, і ўсё гэта ў імя славутых габрэйскіх гаршкоў з мясам. Таму мы павінны даць адказ на сутнаснае пытанне: кім мы з’яўляемся – сапраўднымі ці штучнымі хрысціянамі? У нас ёсць выбар: пайсці ў зямлю абяцаную – гэта азначае ісці шляхам збаўлення, – альбо сумаваць па поўных мяса гаршках і быць у грахоўнай залежнасці”, – сказаў арцыбіскуп.

Іерарх завяршыў гамілію малітвай: “Божа, міласціва паглядзі на гэтых людзей, якія сёння дзякуюць Табе за трыццаціпяцігоддзе з часу вяртання іх касцёла. Адары іх ласкай вернасці свайму хрысціянскаму пакліканню, каб яны заўсёды адчувалі голад Эўхарыстыі і заспакойвалі яго ў касцёле”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: кс. Артур Ляшнеўскі SDB