4 жніўня ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адзначылі 360-ю гадавіну знаходжання ў Гродне абраза Маці Божай Кангрэгацкай, Апякункі студэнтаў і Заступніцы города над Нёманам.
Святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў у катэдральным касцёле Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У цэлебрацыі ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй.
Жыхары і госці горада сабраліся на Эўхарыстыі, каб на ўзор папярэдніх пакаленняў даверыць Богу свае штодзённыя клопаты дзякуючы дапамозе нябеснай Заступніцы.
Перад Імшой было здзейснена благаслаўленне адрэстраўраваных арганаў катэдры. Рэстаўрацыя працягвалася два з паловай гады.
Урачыстасць упрыгожыў спевам хор “Vox Domini” гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля.
У пачатку Эўхарыстыі была прачытана гісторыя з’яўлення абраза ў гродзенскай катэдры на старапольскай мове.
Гродзенская ікона Кангрэгацкай Божай Маці выканана на медным лісце памерамі 22х17 см. З’яўляецца барочным спісам з іконы Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ. Абраз быў прывезены з Рыма ў першай палове XVII стагоддзя правінцыялам айцоў дамініканаў, пазней падораны канцлеру ВКЛ Альбрэхту Станіславу Радзівілу. Потым быў уласнасцю Войцеха Жэляроўскага, уладальніка сядзібы Кульбакі каля Гродна, які падарыў яе кангрэгацыі студэнтаў пры гродзенскім езуіцкім калегіуме. 3 жніўня 1664 года абраз урачыста перанеслі ў гродзенскі езуіцкі касцёл святых Пятра і Паўла. З гэтага часу Маці Божую на абразе сталі называць Кангрэгацкай ці Студэнцкай і лічыць Апякункай студэнцкай моладзі і горада Гродна. У 1686 годзе абраз быў прызнаны цудатворным. У 1705 годзе ён быў усталяваны ў студэнцкай капліцы новапабудаванага Фарнага касцёла, дзе і знаходзіцца дагэтуль. 28 жніўня 2005 года з дазволу Папы Яна Паўла II абраз быў каранаваны.
У гаміліі на Імшы арцыбіскуп Станеўскі нагадаў, што з часу знаходжання абраза ў Гродне дзякуючы матчынай апецы Панны Марыі здзяйсняліся цуды фізічнага і духоўнага аздараўлення. Іерарх дадаў, што аб тым, колькі ласкаў атрымалі жыхары горада і наваколля праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці, сведчаць шматлікія воты вакол абраза.
Па словах арцыбіскупа, Маці Божая і сёння спяшаецца дапамагаць кожнаму, а Яе любоў выяўляецца рознымі спосабамі.
У канцы Эўхарыстыі біскупы памаліліся перад цудадзейным абразом.
Пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі падзякаваў удзельнікам літургіі за прысутнасць і супольную малітву. Таксама ён выказаў падзяку рэстаўратарам арганаў – Аляксандру Бурдзялёву, Мікалаю Лёлю і яго сынам, ахвярадаўцам, з чыёй дапамогай адбылася рэстаўрацыя, і парафіянам.
Пасля адбыўся канцэрт арганнай музыкі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі