З 28 па 30 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях (Радунскі дэканат) адбыліся рэкалекцыі для моладзі гродзенскай парафіі Святога Духа.
Юнакоў і дзяўчат суправаджаў іх душпастыр кс. Андрэй Юхнік.
Сустрэча прадстаўляла сабой як духоўныя практыкаванні, так і актыўны адпачынак, забавы і гульні. Кожны дзень адбываліся Эўхарыстыя і малітва Літургіі гадзінаў. Для некаторых удзельнікаў малітва Ютрані і Нешпараў стала нечым новым і пазнавальным. Праграма прадугледжвала таксама супольнае і індывідуальнае разважанне над кароткімі ўрыўкамі Святога Пісання, тэматычныя канферэнцыі, малітвы Ружанца і Вяночка да Божай Міласэрнасці.
У пачатку рэкалекцый кожнаму ўдзельніку было прапанавана шляхам жэрабя набыць таемнага сябра, а затым на працягу сустрэчы старацца адорваць яго малітвай і добрымі ўчынкамі, а ў некаторых выпадках салодкім сюрпрызам.
Першы дзень закончыўся грылем, танцамі і забавамі. Вечарам другога дня моладзь сабралася ў святыні на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і Марыйны апэль перад абразом Маці Божай Тракельскай, пасля чаго была супольная размова за гарбатай. У трэці дзень былі падведзены вынікі сустрэчы і кожны змог даведацца, хто з’яўляецца яго таемным сябрам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі