Skip to main content

Адпустовую ўрачыстасць у гонар бацькоў Панны Марыі адзначылі ў Гальшанах

halszany 626 ліпеня, ва ўспамін святых Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі, у парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах (Ашмянскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць.

У адным з бакавых алтароў гальшанскага касцёла змешчаны абраз святых Яўхіма і Ганны. Абраз вельмі шануецца не толькі парафіянамі, але і вернікамі з іншых месцаў.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў а. Аляксей Юхневіч OFMConv з Гродна. Таксама на парафіяльнае свята прыбылі кс. Юзаф Занеўскі SDB з Жупран і кс. Павел Раманоўскі з Граўжышак, які служыў у канфесіянале. У пачатку ўрачыстасці пробашч парафіі а. Багуслаў Вуйтовіч OFMConv прывітаў запрошаных святароў і прысутных вернікаў і павіншаваў тых, хто ў гэты дзень адзначаў імяніны.

У гаміліі айцец Аляксей расказаў пра жыццё святых Яўхіма і Ганны, у прыватнасці ўзгадаўшы, што, хоць яны доўга не мелі патомства, дзякуючы трывалай веры ў Бога ў іх нарадзілася дачка, якая пазней стала радасцю для ўсёй зямлі. Святар дадаў, што прыклад святых дапамагае будаваць веру, адкрывацца на Бога, бо вера – гэта адносіны з самім Богам. Ён адзначыў, што для таго, каб дасягнуць святасці, трэба добра выконваць сваё пакліканне і абавязкі, давяраць Богу і прыслухоўвацца да Яго, бо толькі ў Яго ёсць найлепшы план для жыцця чалавека і толькі ў Ім паўната шчасця.

Пасля Імшы адбыліся выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і Літанія да св. Ганны.

Пробашч падзякаваў вернікам і духавенству за прысутнасць і супольную малітву.

Людміла Пясецкая, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі