25 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) памаліліся за арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча ў 35-ю гадавіну з дня яго прызначэння біскупам.
Цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі іерарха ўзначаліў а. Аркадзь Куляха OCD, пробашч гудагайскай парафіі і кусташ санктуарыя.
Арцыбіскуп Кандрусевіч – першы прызначаны пасля Другой сусветнай вайны беларускі біскуп. Менавіта ў Гудагаі 25 ліпеня 1989 г. было абвешчана пра яго прызначэнне.
Падчас сёлетняга Гудагайскага фэсту, адзначаючы 35-годдзе свайго пастырскага служэння, арцыбіскуп ахвяраваў Маці Божай Шкаплернай свой першы біскупскі пярсцёнак, надзеты яму на руку святым Папам Янам Паўлам ІІ 20 кастрычніка 1989 года ў Ватыканскай базыліцы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі