Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!
19 ліпеня Святы Айцец Францішак прызначыў ксяндза каноніка Андрэя Зноску, святара Гродзенскай дыяцэзіі, пробашча парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе, дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі і адначасова тытулярным біскупам Скардоны.
Як дыяцэзіяльная супольнасць прымаем рашэнне Святога Айца Францішка з вялікай радасцю і сыноўскай удзячнасцю. Вельмі цешымся і адначасова ганарымся, што чарговы святар, сын гродзенскай зямлі, узнесены да біскупскай годнасці, атрымае паўнату сакрамэнтальнага святарства і будзе пакліканы да выканання пастырскай місіі: навучання, асвячэння і кіравання Божым народам.
Жадаем Яго Эксцэленцыі біскупу-намінату Божага благаслаўлення, святла Духа Святога і шматлікіх патрэбных дароў і ласкаў у выкананні ганаровай і адначасова вельмі нялёгкай і адказнай місіі, да якой пакліканы самім Езусам Хрыстом праз рашэнне Наступніка святога Пятра. Няхай яму спадарожнічаюць штодзённая матчына апека і надзейнае заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці. Няхай Пан Бог памнажае яго фізічныя і духоўныя сілы, адорвае добрым здароўем, напаўняе сэрца даверам, надзеяй, адвагай і аптымізмам, а найперш вялікай любоўю да народу Палесся, да якога пасылаецца. Няхай служэнне Хрыстоваму Касцёлу, якое біскуп будзе выконваць, дапамагаючы пастыру Пінскай дыяцэзіі біскупу Антонію Дзям’янку будзе плённым і паспяховым, шчодрым на ўсялякае духоўнае дабро.
Ад імя нашага ардынарыя біскупа Аляксандра Кашкевіча і ўласнага імя сардэчна запрашаю вас усіх, дарагія браты і сёстры, ахінуць біскупа-наміната Андрэя гарачай малітвай, каб ён добра падрыхтаваўся да прыняцця біскупскай сакры і каб Божае благаслаўленне спадарожнічала яго пастырскаму служэнню, якое хутка распачне.
Уладзімір Гуляй
Біскуп-каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі