Skip to main content

Пазнавальна і весела: “Канікулы з Богам” прайшлі ў іўеўскай парафіі

ksb iue 3З 15 па 21 ліпеня пры парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі прайшлі “Канікулы з Богам”. Летнік сабраў каля сотні дзяцей і падлеткаў Іўя.

Дні канікул былі насычаны малітвай, гульнямі і забавамі.

Удзельнікі былы падзелены на чатыры каманды, паміж якімі кожны дзень праходзілі гульні і забавы.

У першы дзень прапаноўвалася пазнаёміцца і прадставіць сваю каманду праз танцы і песні. Самым насычаным і пазнавальным для дзяцей стаў спецыяльны квэст, які праходзіў па тэрыторыі касцёла. Моладзь загадзя падрыхтавала для каманд спартыўныя і інтэлектуальныя заданні. У ходзе квэсту дзеці адказалі на пытанні з Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, сабралі рэчы ў паход, аказалі першую медыцынскую дапамогу і паспрабавалі прыгатаваць абед.

ksb iue 6

Адметным мерапрыемствам іншага дня стаў “вясёлы піянербол”, які адрозніваўся ад класічнага піянерболу тым, што мяч лавілі коўдрай.

У апошні дзень маленькія парафіяне падвялі вынікі спаборніцтваў, папрасілі прабачэння за ўсё дрэннае, што магло быць паміж імі, і абмяняліся кантактамі для сувязі. Таксама яны падзякавалі арганізатарам канікул – моладзі, якая ўвесь гэты час апекавалася імі.

Такія сустрэчы кожны раз даюць маленькім парафіянам вельмі шмат. Тут яны знаходзяць новых сяброў, праводзяць час з тымі, каго даўно ведаюць, даведваюцца шмат цікавага на катэхезах, спрабуюць сябе ў незвычайных занятках.

Раман Ярмош, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Кацярына Сантоцкая