20-21 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль у Гудагаі (Астравецкі дэканат) адбыўся традыцыйны фэст у гонар цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай.
Па традыцыі ў санктуарый прыбылі пілігрымы: пяшком, на аўтатранспарце, а група моладзі з Нарачы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) з айцом Генрыхам Валэйкам OCD – на роварах.
У межах урачыстасцяў адбылося вячэрняе набажэнства Крыжовага шляху на Кальварыі, самай вялікай у нашай краіне, у якім узялі ўдзел сотні вернікаў. Разважаючы над мукай Езуса Хрыста, яны пераадолелі каля трох з паловай кіламетраў. У набажэнстве ўдзельнічаў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй.
Апоўначы біскуп узначаліў цэлебрацыю святой Імшы. Яна распачалася працэсіяй са свечкамі і цудадзейным абразом Маці Божай Гудагайскай.
У гаміліі біскуп сказаў: “Мы стаім тут, каб браць прыклад са сваёй Маці і будаваць сваё хрысціянскае жыццё на Яе ўзор. А ён нескладаны”.
“Любоў Марыі да Езуса такая вялікая, што гэтая любоў удзяляецца ўсім, хто з Ёй звязваецца. З Ёй і ты, брат і сястра, навучышся любіць Езуса ўсё больш дасканала”, – дадаў біскуп.
Засяроджваючы ўвагу на шкаплеры, з якім звязаны тытул Маці Божай Шкаплернай, ён адзначыў: “Такім чынам Дзева Кармэля кажа нам пра свой мацярынскі клопат аб нас, пра сваё дбанне аб нашым убранні. Убранні менавіта ў сэнсе духоўным, убранні ў ласку Бога, і дапамозе нам у тым, каб гэтыя шаты былі заўсёды белымі. А такім чынам Яна прыгадвае нам аб тым, што з’яўляецца сапраўднай сутнасцю нашай хрысціянскай тоеснасці, нашага паклікання, а менавіта аб нашым прабыванні з Богам, нашым убранні ў ласку Бога, нашым уваходзе ў лік сясцёр і братоў Езуса”.
Іерарх заахвоціў прасіць Маці Божую, “каб дапамагла нам стаць, як Яна сама, Божым домам, жывой святыняй Яго любові, людзьмі добрых сэрцаў і адкрытых вачэй, здольных – як Яна, якую Папа Францішак назваў нашай Пані спагадлівасці, – выходзіць да іншых, несці Хрыста, абвяшчаць Божую міласэрнасць і даваць пра Яго праўдзівае сведчанне словам, учынкам і малітвай”.
“ Давайце ж вяртацца з Гудагая людзьмі веры, любові і адзінства, – заклікаў біскуп. – Няхай ніхто нас не падзеліць, але няхай нас яднаюць у адной веры і любові Сын Божы і Яго Маці, Марыя”.
“Сёлетняе пілігрымаванне ў Гудагай нясе вельмі яснае пасланне для нас, выражанае ў словах: “Беларусь, не бойся прыняць Марыю”. Таму мы заклікаем з гэтага святога месца: Беларусь, не бойся прыняць веру, давер, любоў і адзінства Маці, бо кожнаму народу патрэбна Маці і кожны народ мае права мець Маці! Беларусь, слухай Маці Сына Божага, бо ніколі не было чуваць, каб Яна пакінула кагосьці, хто да Яе звяртаецца і просіць Яе дапамогі”, – сказаў іерарх.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі