Skip to main content

У канцы гудагайскіх урачыстасцяў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ахвяраваў Маці Божай свой першы біскупскі пярсцёнак

godagaj kondrusewicz 1320-21 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль у Гудагаі адбыўся фэст у гонар цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай.

Галоўную заключную адпустовую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. У Гудагаі 35 гадоў таму ён быў абвешчаны першым пасля Другой сусветнай вайны каталіцкім біскупам у Беларусі.

Разам з арцыбіскупам Эўхарыстыю канцэлебравалі каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, айцы кармэліты босыя, якія служаць у гудагайскім санктуарыі, на чале з яго кусташам айцом Аркадзем Куляхам OCD і іншыя святары.

godagaj kondrusewicz 5

У гаміліі арцыбіскуп прыгадаў значэнне гудагайскага санктуарыя ў захаванні веры ў часы ваяўнічага атэізму, калі доўгія дзесяцігоддзі Касцёл у Беларусі быў пазбаўлены нармальных умоў для функцыянавання і развіцця. Іерарх дадаў, што, нягледзячы на гэта, людзі дзякуючы пабожнасці, звязанай з Маці Божай, і народнай пабожнасці захавалі веру і перадалі маладым пакаленням, а калі ў выніку грамадска-палітычных перамен канца 80-х і пачатку 90-х гадоў насталі часы свабоды веравызнання, “падземная рака веры вырвалася наверх, каб наталіць вадой гаючай Божай ласкі зямлю, ахрышчаную больш за тысячу гадоў таму і высахлую пад сонцам ваяўнічага атэізму”.

25 ліпеня 1989 г. у гудагайскай святыні было аб’яўлена аб прызначэнні сённяшняга арцыбіскупа Кандрусевіча першым пасля Другой сусветнай вайны біскупам у Беларусі. Гэтая падзея распачала працэс адраджэння і развіцця Касцёла на нашых землях і ў Расіі, дзе арцыбіскуп 16 гадоў здзяйсняў біскупскае служэнне.

Іерарх падзякаваў Богу, Божай Маці, беларускім і расійскім біскупам, святарам, кансэкраваным асобам і вернікам за падтрымку і малітвы ў яго інтэнцыі, папрасіў прабачэння за недахопы ў служэнні і папрасіў аб малітоўнай падтрымцы для далейшага служэння.

Іерарх нагадаў, што біскуп, як наступнік апосталаў, пасланы будаваць Божае Валадарства на зямлі і весці людзей у радасць вечнага шчасця ў небе. Ён дадаў, што, на жаль, сучаснае паняцце валадарства асацыюецца з матэрыяльнымі багаццямі, амаральнымі задавальненнямі, імкненнем быць зоркамі канцэртных пляцовак, і такому валадарсту Бог не патрэбны, бо яно без маральных каштоўнасцяў, без этыкі, праўды і поўнае пустых ідалаў. У выніку, заўважыў арцыбіскуп, разбураецца ўстаноўлены Богам інстытут сям’і як адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай нараджэння і выхавання патомства, прапагандуюцца свабодныя і аднаполавыя сужэнскія саюзы, Божы дар жыцця становіцца таварам, якім можна маніпуляваць, выкарыстоўваючы дасягненні генетыкі, не паважаецца чалавечая годнасць, прапагандуецца ідэя гендарызму, якая па словах Папы Францішка з’яўляецца ідэалагічнай каланізацыяй, рэлятывісцкая максіма “ў цябе свая праўда, а ў мяне свая” вядзе да змены нязменнага Божага закону на карысць чалавечага, у тым ліку да непрызнання відавочнай біялагічнай рэчаіснасці, што Бог стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну. Арцыбіскуп дадаў, што трывогу выклікае тэндэнцыя дэкларатыўнага стаўлення да рэлігіі, якая праяўляецца ў словах: “я веруючы, але непрактыкуючы”. Па словах іерарха, вера без сакрамэнтальнага жыцця не мае сэнсу і бессэнсоўным з’яўляецца сцвярджэнне: “Веру ў Бога, але не веру ў Касцёл”. “Як можна быць веруючым без веры ў Касцёл, які быў заснаваны Езусам і ў якім Ён жыве?” – сказаў арцыбіскуп.

godagaj kondrusewicz 22

Ён нагадаў, што таксама ў некаторых традыцыйна хрысціянскіх краінах у імя ідэалагічных інтарэсаў забаронены ў публічных месцах крыж, выявы святых і вучэнне Хрыста. “А дзе наша хрысціянская тоеснасць? Словы Езуса Хрыста, што кожнага, хто вызнае Яго перад людзьмі, Ён прызнае перад сваім нябесным Айцом, а хто адрачэцца, ад таго і Ён адрачэцца, актуальныя і ў наш час”, – сказаў іерарх.

Па яго словах, “маральныя паталогіі сучаснасці прадвяшчаюць заняпад еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі і вядуць да атэістычнага гуманізму, які без вучэння Евангелля з’яўляецца абсурдам”, а барацьба з хрысціянскай рэлігіяй “выклікана тым, што гэтая рэлігія супрацьстаіць амаральнаму стылю жыцця, які адмаўляе чалавеку ў праве жыць згодна з Божым законам, акрамя права на смерць”.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што “нам не дазволена быць абыякавымі перад абліччам такіх праблем, якія інфільтруюць нашае жыццё, мы не можам капітуляваць перад маральным злом, не маем права страціць нашае хрысціянскае ДНК”. “Бог хоча бачыць нас адкрытымі на Яго вучэнне; адважнымі, каб яго распаўсюджваць, і сумленнымі, каб жыць паводле яго. Прыклад хрысціянскага жыцця – гэта люстэрка, дзе кожны можа ўбачыць сябе”, – адзначыў іерарх. Па яго словах, у той жа час трэба прызнаць, што “балючыя амаральныя паталогіі сучаснасці з’яўляюцца не смяротным прысудам хрысціянству, а выклікам яго ачысціць і паглыбіць”.

“Езус праз свой Касцёл абвяшчае вечную і нязменную праўду Евангелля ў сучасным постхрысціянскім і постмадэрнісцкім свеце з яго феноменам постпраўды, калі нашу думку фарміруюць асабістыя перакананні, а не аб’ектыўная, аб’яўленая Богам праўда, – сказаў арцыбіскуп. – Неабходна супрацьстаяць такім тэндэнцыям і змагацца за праўду, бо постпраўда прапагандуе ідэалогію абсалютнай свабоды без адказнасці. Сапраўдная свабода – гэта падпарадкаванне Божаму закону ў праўдзе. Толькі аб’яўленая Хрыстом праўда робіць чалавека свабодным а жыццё цнатлівым”.

godagaj kondrusewicz 34

Іерарх нагадаў, што найкарацейшым шляхам да Езуса з’яўляецца Божая Маці, і па сваім звычаі завяршыў гамілію малітвай: “Марыя, наша Маці духоўная! У гэты складаны час нашай гісторыі міласціва паглядзі на нас, не адпускай ад сябе, апякуйся намі і дапамагай, каб мы заўсёды згаджаліся з Божай воляй і жылі дзейснай і актуальнай праўдай Евангелля з мэтай стаць, як Ты, благаслаўлёнымі сярод народаў свету. Дапамажы Касцёлу ў Беларусі і мне, якога трыццаць пяць гадоў таму Твой Сын паклікаў да біскупскага служэння, каб, давяраючы Табе і Езусу Хрысту, мы ні ў чым не мелі нястачы. Няхай дзякуючы Твайму заступніцтву Божая ласка і моц Святога Духа суправаджаюць нас на нашым жыццёвым шляху. У сваім цудадзейным гудагайскім абразе будзь нам палярнай зоркай у цемры грахоўнай ночы. Заступайся за нас і абараняй шчытом Твайго святога шкаплера”.

У канцы набажэнства іерарх ахвяраваў Божай Маці Гудагайскай біскупскі пярсцёнак, які 20 кастрычніка 1989 г. у рымскай базыліцы святога Пятра надзеў на яго св. Ян Павел ІІ.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Ірэна Ахрамовіч